Слонім. Замест цыбулі з агуркамі — бюст Леніна

Жыхар вуліцы Ружовай у Слоніме паставіў на сваім агародзе бронзавы бюст Леніна. Вуліца новая, на ёй слонімцы толькі распачынаюць будаўніцтва дамоў, катэджаў. Таму, калі едзеш па Ружовай, бронзавы бюст кідаецца ў вочы здалёк.



img_20130423_095743.jpg

Гаспадар Леніна на пытанне, дзе ён узяў гэты бюст, толькі засмяяўся і сказаў, што там, дзе ён яго ўзяў — бюста ўжо няма. “Як бачыце, цяпер ён  у мяне на агародзе, няхай аберагае маю сядзібу”, — усміхнуўся малады слонімец і дазволіў Леніна сфатаграфаваць.

Дарэчы, пры камуністах у Слоніме было 10 помнікаў і бюстаў Леніна. Цяпер засталося толькі чатыры: адзін — у цэнтры горада, другі — у парку, трэці — у мікрараёне Альбярцін і чацвёрты бюст Ільіча захаваўся яшчэ каля Слонімскага сельскагаспадарчага каледжа. Ну, а пяты з’явіўся на агародзе на Ружовай вуліцы замест цыбулі з агуркамі.