«Самае рэвалюцыйнае рашэнне ад уладаў для бізнесу — забыцца пра яго існаванне»
Ці змогуць улады сваімі нарматыўнымі актамі разняволіць бізнес і дзе ключ да вырашэння праблем прадпрымальнікаў?
— У бліжэйшы час мы прымем рэвалюцыйныя рашэнні па прадпрымальніцтву, бізнэсу — па разняволенню бізнесу, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Рэчыцы. — Прыйшоў — заяву пакінуў, што хочаш займацца гэтай справай, у падатковай зарэгістраваўся і пайшоў працаваць. Пажарныя, санстанцыя — усё да мінімуму будзе скарочана.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў бліжэйшы час адпаведны нарматыўна-прававы акт, які тычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці, ляжа яму на стол.
Ці не стане новы дакумент чарговы «адпіскай»?
Шумчанка: Улада сама страляе сабе ў нагу
Лідэр РГА «Перспэктыва» Анатоль Шумчанка лічыць, што лепшым на сённяшні дзень будзе, калі ўлада перастане ўмешвацца ў справы малога бізнэсу.
— Самыя галоўныя рэвалюцыйныя змены — гэта каб яны наогул забыліся пра малы бізнес. Забыліся і не чапалі. Прымалі ад нас справаздачы і ніякіх новых ініцыятыў не стваралі, — упэўнены Анатоль Шумчанка. — І гэта рашэнне можна напісаць на адну старонку, а не на 250, як яны плануюць.
Самае галоўнае для малога бізнэсу на сённяшні дзень — гэта адвесці пагрозу з боку правяраючых органаў. Праверкі, штрафы, канфіскацыя не толькі ставяць пад сумнеў існаванне саміх прадпрымальнікаў, але і пагражаюць фінансавымі выдаткамі дзяржаве.
— Дзяржава сама страляе сабе ў нагу. Бо канфіскоўваючы тавар,яна мусіць разумець, што гэта ў першую чаргу падаткаплацельшчык абанкрочваецца, а дзяржава губляе прыбытак, — адзначае лідэр «Перспектывы». — Трэба наогул выключыць канфіскацыі ў малым бізнэсе. Безумоўна, меры адказнасці павінны быць, як і ва ўсім свеце, але дакладна не такія драконаўскія. Гэта шлях у нікуды, які знішчае нацыянальны бізнэс.
Асаблівага аптымізму з нагоды новага нарматыўна-прававога акта, што датычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці, малы бізнес не адчувае.
— Улады ўжо нагарадзілі агарод, і, думаю, будуць і далей яго гарадзіць, — лічыць Анатоль Шумчанка.
Між тым ён упэўнены, што менавіта ад саміх прадпрымальнікаў залежыць у першую чаргу, каб абяцанні ўладаў не сталі пустымі.
— Напаўненне ўсіх гэтых дакументаў ўтрымання залежыць выключна ад працы саміх прадпрымальнікаў, іх актыўнасці ў грамадскім жыцці краіны, ад самога грамадства. Ніхто ў гэтай краіне так не вінаваты ў існуючай сітуацыі, як мы самі. І ніхто ў гэтай сітуацыі нам не дапаможа, акрамя нас саміх. Ні Захад, ні Усход, ні ўлада, — адзначае Анатоль Шумчанка. — У нас ёсць рэсурсы для таго, каб зрабіць нашу краіну годнай і ў эканамічным плане і ў цэлым. Усё ў нашых руках. Закатаць рукавы — і працаваць.
Карагін: Галоўнае ня прыняцце дакументаў, а наладжванне практыка іх рэалізацыя
Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін адзначае, што змены, якія рыхтуюцца, сапраўды можна назваць рэвалюцыйнымі. Усе гэтыя дакументы і праекты актыўна абмяркоўваліся Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва і ў Мінскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў.
— На днях рабочая група пад кіраўніцтвам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта разглядала вынесеныя дзелавой супольнасцю прапановы, — адзначае Уладзімір Карагін. — З 38 прапаноў у гэтым вялікім пакеце перагляду нарматыўных актаў па паляпшэнню дзелавога клімата рабочая група прыняла 30. Гэта значыць, абсалютную большасць прапаноў дзелавой супольнасці.
Непрынятыя прапановы не засталіся незаўважанымі і будуць прымацца іншымі нарматыўнымі актамі, як, у прыватнасці, па інстытуце амбудсмэна па абароне правоў прадпрымальнікаў.
— Усё, што прапанавана, уважліва разгледжана, і будзе працягнутая далейшая напрацоўка, — адзначае эксперт.
Разам з дзелавой супольнасцю працавала дэпутацкая камісія па эканамічнай палітыцы, камісіі па фінансах і бюджэт і камісіі па заканадаўстве, паколькі гаворка ідзе аб унясенні змяненняў у цэлым шэрагу кодэксаў.
— Некаторыя дакументы павінен прыняць сам ўрад, — тлумачыць эксперт. — Гаворка ідзе пра звязаныя з ліцэнзаваннем віды дзейнасці, аб спрашчэнні парадку атрымання ліцэнзій і наогул пра рэгулятарную палітыку. Рабочая група на чале з першым віцэ-прэм'ерам Васілём Мацюшэўскім, а таксама разам з прадстаўніком дзелавой супольнасці ўсе гэтыя пытанні абмяркоўвала.
Уладзімір Карагін з аптымізмам ўспрымае змены, якія рыхтуюцца, аднак падкрэслівае, што гэта толькі нарматыўныя акты, а самае важнае — тое, як яны будуць прымяняцца.
— Галоўнае ж не прыняцце дакументаў пра змены, а наладжванне практыкі іх рэалізацыі. Трэба дамагчыся, каб дакументы не супярэчылі адзін аднаму, — адзначае эксперт. — На месцах, у кожным раёне, вобласці патрэбна выразная палітыка выканання заканадаўства і захавання працэдур дэманапалізацыі.
Вельмі важна стварэнне ўмоў канкурэнцыі паўсюль і ва ўсім, у тым ліку пры тэндэрах, а таксама роўнасць формаў уласнасці. Спадзяемся, што ў бліжэйшы час прэзідэнт зацвердзіць дакумент, і ён будзе працаваць.
Паводле zautra.by