Даходы пакуль трымаюцца, але ўмовы пагаршаюцца
Як адбіўся эканамічны крызіс на сферы прыгажосці? Ці ахвотна цяпер кліенты нясуць свае грошы на стрыжкі ды манікюры? Якія маркетынгавыя фішкі дапамагаюць «трымацца на плаву»?
З такімі пытаннямі мы звярнуліся да дырэктаркі мінскага салона прыгажосці Святланы Жукавай і прыватнай прадпрымальніцы-цырульніцы Ірыны. І атрымалі нечаканыя адказы!..
Апора бізнэсу — сталыя кліенты
Сталічны салон прыгажосці «Фабрыка мрояў» месціцца ў самым цэнтры гораду, на вуліцы Змітрака Бядулі. Па доўгай лесвіцы спускаюся ўніз пад зямлю — і апынаюся ў невялікім утульным салонным памяшканні, дзе мяне ветліва сустракае дырэктарка Святлана Жукава і гасцінна прапаноўвае фірмовую гарбату з зёлак, якія яна сама збірае і высушвае летам. Смачна! Мы ўсаджваемся ў пакойчыку для манікюру, які пакуль што пустуе. Аднак гэта не значыць, што кліентаў няма.
«Каб сказаць, што мы адчулі масавы адток кліентаў, то не. Але ж заўважна, што цяпер яны гатовыя выдаткаваць менш грошай на паслугі, чым раней, — напрыклад, замаўляюць больш простую стрыжку. Альбо звычайны манікюр, без роспісу на пазногцях, ці робяць той жа манікюр радзей, а не кожны тыдзень, як раней», — кажа Святлана Жукава пра наступствы заняпаду ў эканоміцы для свайго бізнэсу.
Паводле яе слоў, у салон прыходзяць і людзі «з вуліцы», але ж асноўная частка наведнікаў — гэта сталыя кліенты, якія шмат гадоў карыстаюцца паслугамі і ўжо прыводзяць сваіх сямейнікаў. Мажліва, менавіта таму салон не пустуе.
«Да таго ж, мы аказваем больш гігіенічныя ды фізіялагічныя паслугі — напрыклад, мы робім чыстку ды масаж твару, але не робім амаладжвальныя ін’екцыі пад скуру. Робім манікюр, але не нарошчваем штучныя пазногці. Нашы працэдуры больш натуральныя ды патрэбныя нават проста з гігіенічных мэтаў, а не толькі дзеля прыгажосці, таму яны больш запатрабаваныя ў кліентаў, і яны не гатовыя цалкам адмовіцца ад іх дзеля эканоміі», — лічыць Святлана Жукава.
Праверкі, праверкі і яшчэ раз праверкі
Цікаўлюся, якія траты найбольш фінансава балючыя для салона прыгажосці? Зразумела, што арэнда ў цэнтры горада нятанная, аднак на дадзены момант, кажа спадарыня Святлана, салон не гатовы пераязджаць кудысьці ў раён — гэта пацягне і страту часткі сталых кліентаў, і наогул пераезд вылеціць у капейку, на гэта грошай у салона зараз няма. Святлана Жукава адзначае, што найбольш турбуюць, канешне, высокія падаткі і пастаянныя праверкі, якія, як бы паспяхова ні прайшлі, заўжды заканчваюцца штрафамі: «Неафіцыйна правяраючыя нам часта кажуць — ну вы ж разумееце, мы павінны абавязкова выпісаць за нешта штраф. А за што яго выпісаць — можна знайсці заўжды, хоць мы стараемся выконваць свае абавязкі бездакорна і ўсё трымаем у чысціні. Тазікі могуць быць няправільна, на думку правяраючых, складзеныя — ужо штраф. І турбуюць не столькі сумы штрафаў, хоць яны і немалыя, колькі напружваюць самі гэтыя непатрэбныя праверкі. Калі салон клапоціцца пра кліентаў, іх здароўе ды камфорт, то і без правяраючых інструменты будуць трымацца ў чысціні, матэрыялы, зразумела, будуць закупацца якасныя — мы самі зацікаўленыя, каб у нас усё было ў парадку».
Святлана Жукава працуе ў салоне «Фабрыка мрояў» ужо 16 гадоў і кажа, што раней праверкі не былі такімі частымі ды надакучлівымі. Да таго ж, акрамя правяраючых, салон сутыкаецца з назойлівымі да неабгрунтаванымі просьбамі-патрабаваннямі ад розных дзяржаўных структур. Паводле спадарыні Святланы, яна рэгулярна атрымлівае стос лістоў з рознымі неадназначнымі просьбамі — напрыклад, падпісацца на нейкую канкрэтную газету ці набыць нешта канкрэтнае ў салон. «Далёка не ўсе чыноўнікі ўмеюць карэктна весці перапіску, і часам нават чытаць такія лісты дужа непрыемна. Напрыклад, аднойчы нам даслалі ліст з «просьбай» набыць абсталяванне для вонкавага відэаназірання. І ліст быў складзены такімі фразамі, што мы быццам бы спрыяем пагаршэнню крымінагеннай сітуацыі ў раёне. Было вельмі крыўдна: у нас за ўсе гады ніякіх падобных інцыдэнтаў не было, нам гэтае відэаназіранне зусім не патрэбнае, а нас абвінавачваюць у невядома чым — абы каб набылі, што яны прапануюць», — распавядае Святлана Жукава.
Лепшая рэклама — тая, якая ад сэрца
Ці выкарыстоўвае салон якія-небудзь рэкламу, каб прывабліваць новых пакупнікоў? Паводле назіранняў Святланы Жукавай, самая надзейная рэклама — гэта калі раяць знаёмыя, але ж сучасных тэхналогій у салоне таксама не цураюцца — завялі сайт, старонкі ў сацыяльных сетках, рэгулярна прапануюць зніжкі на паслугі, арганізоўваюць розыгрышы падарункаў, праводзяць бясплатныя майстар-класы.
«Адмысловай маркетынгавай стратэгіі мы не распрацоўваем — але, напэўна, гэта не зусім прафесійна з нашага боку. Мы проста з майстрамі прыдумляем нейкія ідэі, яны могуць узнікаць спантанна, мы часта пра іх загадзя нават не паведамляем. Напрыклад, калі абвясцілі, што Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, мы дарылі пачастункі ўсім нашым наведнікам. Усіх кліентаў заўжды частуем нашай травяной гарбаткай, многія яе дужа чакаюць. Гэта такія невялікія прыемнасці, якія радуюць і кліентаў, і нам уздымаюць настрой, дапамагаюць стварыць утульную атмасферу», — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Святлана Жукава.
Часам нечакана для саміх сябе супрацоўнікі салона ўдзельнічаюць у сацыяльных акцыях. «Да нас неяк звярнуліся журналісты анлайн-часопіса «Имена» і распавялі пра дзяўчыну, хворую на спінальную мышачную атрафію (генетычнае захворванне, якое паступова забівае ўсе мышцы), якая ніколі не была ў салоне прыгажосці і марыць туды патрапіць. Канешне ж, майстры з задавальненнем зрабілі ёй сюрпрыз, і мы самі атрымалі бясцэнны досвед ад нашай сустрэчы», — гаворыць спадарыня Святлана. Таксама яна асабіста прымала ўдзел у здымках роліка курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» з удзелам сусветна вядомага беларускага тай-баксёра Віталя Гуркова.
Па ініцыятыве Святланы Жукавай ужо некалькі гадоў беларуская мова паступова замацоўвае свае пазіцыі і ў салоне — так, старонка «Укантакце» цалкам вядзецца па-беларуску, майстры стараюцца прынамсі вітацца-развітвацца па-беларуску.
Па словах Святланы Жукавай, нікога з супрацоўнікаў да ўжывання беларускай мовы не прымушаюць: «Я не лічу гвалт правільным метадам, патрэбна, каб чалавек сам дайшоў да гэтага. Нашы майстры стараюцца ўжываць ветлівыя беларускамоўныя выразы, асабліва калі наведнік беларускамоўны. Кліентам гэта прыемна». Нягледзячы на спрыянне беларускай мове, плыні беларускамоўных кліентаў у салон, на дзіва, няма.
Святлана Жукава распавядае пра адваротны прыкры выпадак, калі мужчына прачытаў станоўчыя водгукі ў інтэрнэце, прыйшоў да іх, а майстар абслужыла па-руску. Пасля гэтага ён напісаў свой гнеўны водгук і заявіў, што больш ніколі не прыйдзе, нягледзячы на тое, што «Фабрыка мрояў» і не абвяшчала сябе цалкам беларускамоўным салонам.
Дарэчы, мужчыны — частыя наведнікі салона. Робяць і манікюр, і педыкюр, але самая папулярная паслуга — гэта камуфляж сівізны. Ну што ж, усім хочацца быць дагледжанымі!
«Хачу захаваць кліентаў, таму трымаю цэны»
Індывідуальная прадпрымальніца Ірына (прозвішча не ўказваем па просьбе суразмоўцы) нейкі час працавала ў салоне, аднак сышла і адкрыла ІП, каб самастойна распараджацца сваім часам, кліентамі і не цярпець капрызаў гаспадыні. Ці складана ў крызісны час працаваць ІП і цалкам самастойна несці адказнасць за свае даходы?
«Я сышла з салона, найперш, каб набыць самастойнасць, а не дзеля вялікіх даходаў. Хаця калі ёсць напрацаваная база кліентаў, на сябе, канешне, працаваць выгадней, чым у салоне. Відавочна, фінансавы крызіс адчуваецца. Нехта па-ранейшаму ходзіць стрыгчыся, але фарбуецца дома. Нехта (збольшага працуючыя пенсіянеры) сталі проста радзей прыходзіць. Людзі хочуць выглядаць хораша пры любым фінансавым становішчы, пытанне — якім чынам. Мае кліенты — збольшага людзі сярэдніх даходаў, таму я стараюся трымаць цэны. Так, узровень заробкаў знізіўся, але я лічу прынцыпова важным захаваць кліентаў. Тым больш, з многімі з іх мы ўжо амаль сваякі», — распавядае Ірына.
Расходаў у Ірыны хапае: штомесячны адзіны падатак, арэнда памяшкання, аплата прыборкі і прання рушнікоў, унёскі ў страхавы пенсійны фонд (якія ўвесь час растуць) — на гэта ўсё майстар выдаткоўвае каля 600 рублёў на месяц: «Яшчэ штомесячная аплата касавага апарата, які ІП навязалі, — 13 рублёў. Ну і, канешне, расходныя матэрыялы, якія павышаюцца ў цане раз на 2–3 месяцы. У месяц яны абыходзяцца недзе ў 300 рублёў. Кошты на многія фарбы ды інструмент у нас проста неадэкватна завышаныя — гэта асобная праблема». Да гэтых расходаў яшчэ трэба дадаць штрафы.
«Дзякуй Богу, праверкі не штомесяц. Але ўсё адно, гэта вечныя паборы. Словы кіраўніка дзяржавы пра тое, што малы бізнэс не будуць чапаць праверкі, не выконваюцца. А праверкі арганізуюцца толькі з адной мэтай — выпісаць штрафы. Гэта вельмі напружвае. Хацелася б працаваць спакойна, мець магчымасць планаваць і развівацца. З кожным годам гэта рабіць усё цяжэй. Засмучае няўпэўненасць, ці ты зможаш працаваць заўтра», — скардзіцца Ірына.
На рэкламу Ірына асабліва не траціцца. Па словах майстра, найлепшая рэклама — гэта прычоска твайго кліента. Такім чынам, за вылікам расходаў на жыццё Ірыне застаецца каля 900 рублёў. Аднак бываюць і нечаканасці — напрыклад, у кастрычніку засталося ўсяго 500 рублёў.
«Гэта спецыфіка працы на сябе — расход практычна заўжды аднолькавы, а даходы розныя. Але мяне гэта задавальняе. Можна было б, напэўна, і больш працаваць і зарабляць (у мяне два выходныя на тыдзень), але для мяне праца — радасць, і я не хачу пераўтвараць яе выключна ў канвеер для зарабляння грошай», — гаворыць Ірына.
Пакуль што Ірына не плануе адкрываць сваю цырульню — іх у Мінску шмат, многія закрываюцца, не вытрымаўшы канкурэнцыі. Ды і боязна ўкладваць грошы ў справу, калі ты не ўпэўнены, што зможаш працаваць заўтра.
Фота прадстаўленыя Святланай Жукавай