«Калі бізнесмен нікога не зарэзаў, ніякіх пасадак не павінна быць»
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавёў пра «справу Арбузава» і крымінальны пераслед бізнесменаў.
Як паведаміў Камітэт дзяржкантролю, затрыманы 12 красавіка бізнесмен Віталь Арбузаў падазраецца ў ажыццяўленні з 2010 года супрацьпраўнай дзейнасці, звязанай з ухіленнем ад выплаты падаткаў, а таксама неправамерным атрыманнем з бюджэту падатку на дабаўленую вартасць. Віктар Маргелаў адзначыў:
— Наша пазіцыя простая. Калі бізнесмен нікога не зарэзаў, не забіў і не нясе пагрозу для грамадства, то ніякіх пасадак не павінна быць. Навошта ў такім выпадку трымаць чалавека за кратамі? І ўвогуле, прававое поле трэба разгрэбсці ад такога крымінальнага пераследу. Дарэчы, у СМІ, як правіла, з’яўляецца інфармацыя толькі пра арышты нейкіх вядомых бізнесменаў. Але ж такіх фактаў шмат. Проста ўзровень іншых затрыманых прадпрымальнікаў на парадак ніжэйшы, чым таго ж Чыжа ці Арбузава. І мы настойваем на тым, каб у краіне ў бліжэйшы час укаранілі інстытут упаўнаважанага па справах прадпрымальнікаў. На апошнім пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі дзелавая супольнасць унесла такую прапанову, каб на працягу году такі інстытут запрацаваў. Дарэчы, прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта і Савета міністраў станоўча ўспрынялі такую прапанову.
— Гэта нейкім чынам абароніць бізнес ад крымінальнага пераследу?
— Павінны быць механізмы і інструменты, як таго ж умоўнага Арбузава выцягваць на волю. Трэба, каб нехта разабраўся ў сітуацыі, паглядзеў, ці не перагнулі палку ў дачыненні да чалавека. Трэба, каб нехта мог паўздзейнічаць на следчыя органы, каб прывесці ў суразмернасць ступень пакарання. І гэты чалавек павінен быць з дзелавой супольнасці. Ён будзе мець рэгламент і паўнамоцтвы для такой працы.
— Але ж і бізнесмены, відаць, не ўсе працуюць “у белых пальчатках”…
— Не сакрэт, што буйныя бізнесмены ўмеюць законна мінімізаваць свае выдаткі. У іх магчымасцей нашмат больш, асабліва, калі такія адкрываюцца для афшорных рахункаў альбо пераводу грошай за мяжу. Тады зэканоміць можна нашмат больш чым простаму смяротнаму, які працуе ўнутры краіны. Не без гэтага. Але дзе кантралёры былі раней, і чаму толькі сёння ўспомнілі пра таго ж Арбузава? Раней на гэта закрывалі вочы? Мільярды ж даляраў за некалькі гадоў не зарабляюцца проста так. Проста таму, што ты быццам бы разумнейшы за іншых. Ёсць і іншыя прычыны, адкуль мільярды ўзяліся.
Кастусь Заблоцкі,
Беларускае Радыё Рацыя