Русіфікацыя на маршы. Забаранілі лацінку ў транслітарацыі геаграфічных назваў
Новая пастанова адмяняе выкарыстанне беларускай лацінкі. Яе заменяць лацінскімі літарамі. А найменні геаграфічных аб'ектаў, як вынікае з пастановы, будуць даваць не толькі з беларускай, але і з рускай мовы.
Пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці апублікавана
сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання. Гэта заўважыла «Н*ша Ніва».
Такім чынам дакументам зацверджана інструкцыя па перадачы
найменняў геаграфічных аб'ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы і
транслітарацыі найменняў геаграфічных аб'ектаў літарамі лацінскага алфавіта.
Адмяняецца перадача ў тым ліку геаграфічных назваў шляхам
транслітарацыі літар (знакаў, літар) беларускага напісання адпаведнымі літарамі
лацінкі (беларуская лацінка). Раней перадача геаграфічных назваў Рэспублікі
Беларусь на лацінку ажыццяўлялася з іх напісання на беларускай мове.
Цяпер, напрыклад, літары «ч», «ш», «ў», «ж», «г» будуць
перадавацца як «ch», «sh», «w», «zh», «g» — Vierabjovichy (Вераб'ёвічы),
Safijewka (Сафіеўка), Tatarshchyna (Татаршчына), Ulukawje (Улукаўе),
Sharkawshchyna (Шаркаўшчына), Charnaruchcha (Чарнаручча), Zhazhelka (Жажэлка),
Murawjowka (Мураўёўка), Dziedaw Kurgan (Дзедаў Курган).
Як вынікае з дакумента, таксама можна транслітараваць і з
рускай мовы: Chajchicy (Чайчицы), Shalashino (Шалашино), Vitkovshchina
(Витковщина).
Адмены беларускай лацінкі раней дабіваліся прарасійскія
актывісты.
Увогуле русіфікацыя ў лукашэнкаўскай Беларусі апошнім часам ідзе паскоранымі тэмпамі. Знішчаюцца беларускамоўныя прасторы, грамадскія ініцыятывы, кнігадрукарні. Вядомы выпадкі, калі за ўжыванне беларускай мовы на вуліцы людзей затрымлівалі і потым знаходзілі артыкул, каб завесці на іх крымінальную справу. У сваіх выступленнях Лукашэнка ўсё часцей называе Беларусь фактычна часткай «рускага свету». Не кажучы пра тое, што беларускі рэжым цалкам падтрымліае ў вайне Расію, якая намагаецца знішчыць Украіну і нацыянальную ідэнтычнасць яе народа.