ЕГУ анансаваў Дзень адчыненых дзвярэй для абітурыентаў. Але чамусьці толькі па-руску
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт анансаваў Дзень адчыненых дзвярэй для жадаючых навучацца ва ўстанове. Ён пройдзе 6 красавіка. Карыстальнікі сацсетак звярнулі ўвагу на тое, што анонсы пра гэта змешчаныя на пляцоўках ЕГУ толькі на рускай мове. Няўжо і тут русіфікацыя?
Варта адзначыць,
што сайт ЕГУ вядзецца на чатырох мовах — беларускай, рускай, літоўскай і англійскай.
Аднак згадка пра Дзень адчыненых дзвярэй ва ўніверсітэце ёсць толькі на
рускамоўнай версіі сайта.
Таксама па-руску
ўніверсітэт заахвочвае абітурыентаў і ў сацсетках (якія ў цэлым вядуцца на
розных мовах, уключаючы беларускую). Дзень адчыненых дзвярэй гэтым разам вырашылі
назваць «ЕГУ на бегу».
«ЕГУ запрашае на
доўгачаканую падзею вясны — Дзень адчыненых дзвярэй, які пройдзе 6 красавіка
анлайн. Студэнткі і студэнты ў прамым эфіры прадставяць навучальныя праграмы і
раскажуць пра жыццё ў ЕГУ, — гаворыцца
ў паведамленні ў фэйсбуку. —
7 праграм, 7 каманд, па 5 хвілін на прэзентацыю і толькі 3 прызавых месцы. А лепшых вызначыць аўдыторыя ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай сэрвісу Mentimeter.
У праграме: карысная інфармацыя пра паступленне ва ўніверсітэт; відэаролікі, створаныя самімі студэнтамі і студэнткамі; студэнцкі гумар, імправізацыі і крэатыў; займальны сторытэлінг, стэндап, паэтычная мініяцюра і многае іншае».
Усіх зацікаўленых у ЕГУ чакаюць 6 красавіка а 18:00 па мінскім часе. Для ўдзелу неабходна
зарэгістравацца па спасылцы.
Еўрапейскі
гуманітарны ўніверсітэт — беларускі ўніверсітэт у выгнанні, які з 1992 па 2004
год працаваў у Мінску, але ў 2006 годзе праз ануляванне беларускімі ўладамі
ліцэнзіі пераехаў у Вільню. На сёння ўніверсітэт працягвае трымаць марку
прэстыжнай навучальнай установы, аднак апошнім часам паміж студэнтамі і
адміністрацыяй узнікаюць непаразуменні. У тым ліку на глебе пашырэння
выкарыстання рускай мовы за кошт скарачэння беларускай.