Роўна два гады таму быў вынесены прысуд праваабаронцам «Вясны». Хронікі рэпрэсій 3 сакавіка

Трэцяга сакавіка 2023 года агучылі жорсткія прысуды праваабаронцам: Алесю Бяляцкаму (які на той момант ужо быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру) далі 10 год калоніі. А двум яго паплечнікам, якія на судзе таксама былі ў кайданках і ў клетцы: 9 год калоніі Валянціну Стэфановічу, 7 год — Уладзю Лабковічу. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 3 сакавіка.

1_1097_1.png

«Вясноўцаў» фактычна асудзілі за тое, што яны дапамагалі людзям (абвінавачванне так і гучала: дапамагалі аплачваць адвакатаў, адміністрацыйныя штрафы).

Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.

У чарговую гадавіну прысуду праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікае міжнародную супольнасць і патрабуе ад уладаў Беларусі распачаць усе магчымыя намаганні да таго, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя.

«Звяртаючыся да ўладаў Беларусі, заклікаем праявіць дальнабачнасць у пераадоленні нацыянальнага крызісу. Вызваленне палітвязняў можа стаць адпраўным пунктам да пачатку аднаўлення прававога характару беларускай дзяржавы, узмацнення суверэнітэту на фоне найскладанейшай геапалітычнай сітуацыі апошніх гадоў», — гаворыцца ў заяве.

У некаторых еўрапейскіх гарадах сёння пройдуць акцыі салідарнасці з праваабаронцамі «Вясны».

Так, у Празе адбудзецца імпрэза салідарнасці: адкрыццё арт-інсталяцыі «Нязломныя» і дыскусія, прысвечаная «Вясне» і сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У Варшаве на плошчы Канстытуцыі пройдзе пікет салідарнасці. 

Лукашэнка загадаў не браць на працу публічных людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах

Трэцяга сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас кадравых прызначэнняў у сацыяльны блок ураду заявіў, што нельга дараваць работнікам сацыяльнай сферы ўдзел у пратэстах.

«„Я лічу, што яны вельмі таленавітыя“, — я цытую некаторых міністраў. „Таму яны павінны працаваць“. Нягледзячы на тое, што яны ворагі фактычна нашай дзяржавы і сядзяць да пары пад венікам. У вашай структуры такіх дастаткова. Больш, чым дзе-небудзь. Гэтага быць не павінна», — заявіў Лукашэнка, піша Свабода са спасылкай на БелТА.

Паводле Лукашэнкі, «трэба ўмець прабачаць, калі гэта магчыма», але калі нехта «парушыў, пераступіў закон, свядома гэта зрабіў, якое тут можа быць дараванне».

«Ну як можна прабачыць публічных людзей? Усе публічныя людзі — ахова здароўя, адукацыя, СМІ, культура, спорт... Усе публічныя. І калі вы парушылі недзе парадак, закон, калі вы выступалі супраць дзяржавы, гэта ж бачыў увесь народ», — заявіў Лукашэнка.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» лагатып сусветна вядомага брэнду «BOY London»

Гаворка пра «чорнага арла з распасцёртымі крыламі, які трымае ў лапах круг у выглядзе літары "О"». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Гомеля 28 лютага. На афіцыйную старонку «BOY London» толькі ў Instagram падпісаныя больш за 357 тысяч чалавек.

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі сацсеткі аналітыка Вадзіма Мажэйкі, TikTok-старонкі «FokusGrodno», «Святая Лукер’я Рыгорауна», «Alex_kamis».

У Віцебску за «экстрэмізм» будуць судзіць дырэктара мясцовага турагенцтва

Заўтра ў судзе Першамайскага раёна Віцебска будуць судзіць Андрэя Пятровіча Красько. Мужчыну ставяць у віну ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмізму).

Андрэй Красько — дырэктар ПГУП «Віцебск-Мегатур», якое з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком у Віцебску буйной сеткі турагенцтваў «Гарачыя туры», піша @vitebsk_info.

У Калінкавічах судзяць за «парушэнні на выбарах»

3 сакавіка ў судзе Калінкавіцкага раёну судзяць Наталлю Кацубу. Ёй ставяць у віну арт. 10.9 КаАП РБ (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Судовы працэс будзе ўзначальваць суддзя Аксана Макарэвіч, піша «Гомельская Вясна».

Гэта будзе чацвёрты на Гомельшчыне судовы працэс з гэтай нагоды, пра які стала вядома праваабаронцам.

Вядома, што 28 студзеня — праз два дні пасля выбараў — Наталлю судзілі за «распаўсюд экстрэмізму». Вынік таго судовага пасяджэння высвятляецца.

Праграміста з «Атланта» пачалі судзіць за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі»

Аляксандру Гаршунову 45 гадоў. Ён мінчук. У 2004 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Мяркуючы па сацсетках, працаваў праграмістам на мінскім заводзе «Атлант», піша «Наша Ніва».

Суд над Аляксандрам пачынаецца 3 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «закліках да нанясення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Працэс прызначаны весці суддзя Аляксандр Рудэнка.

У Гродне пачынаецца чарговы суд за «здраду дзяржаве»

3 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе пачынаецца судовы працэс у дачыненні да Ягора Вітальевіча Сацішура. Яму інкрымінавана ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Працэс прызначана весці суддзя Зінаіда Барцэвіч.

Ініцыялы фігуранта справы супадаюць з 22-гадовым Ягорам Сацішурам. Згодна з інфармацыяй з сацыяльных сетак, хлопец вучыўся на юрыдычным факультэце ў Брэсце, а пасля жыў у Польшчы.

У студзені прапагандыст Азаронак даў інтэрв'ю журналістцы Ксеніі Сабчак. Падчас размовы Сабчак узяла са стала Азаронка ліст з пастановай аб прызнанні яго пацярпелым па крымінальнай справе.

Сабчак зачытала на камеру дэталі пастановы. У лісце гаворыцца, што нейкі Сацішур сабраў і даў замежнай дзяржаве персанальныя дадзеныя Азаронка. Прапагандыст распавёў, што гэта ён падаў заяву на Сацішура за тое, што ён выклаў у інтэрнэт асабістыя дадзеныя Азаронка, пісала «Люстэрка».

Дзяўчыну з Баранавічаў, якую раней затрымалі ў Маскве, сёння пачынаюць судзіць у Беларусі за ўдзел у пратэстах

Ірыне Пазнякевіч (Шульга) 26 гадоў. Яна родам з Баранавічаў, таксама жыла ў Івацэвічах. Па звестках з сацсетак, дзяўчына працавала ў розных сферах — напрыклад, была санітаркай. А па стане на 2019 год у яе было малое дзіця.

У кастрычніку 2020 года Ірына знаходзілася ў ізалятары ў Жодзіне — дзяўчыну затрымалі нібыта за ўдзел у пратэстах, піша «Наша Ніва».

У лютым 2021 года яна перабралася ў Расію. Тэрмін яе легалізацыі скончыўся 14 студзеня 2024 года, але яна не выехала з Масквы на радзіму, а засталася там. У кастрычніку 2024 года Ірыну судзілі ў Мікулінскім раённым судзе Масквы. Ёй прысудзілі 5000 расійскіх рублёў штрафу (каля 50 даляраў) і дэпартацыю з Расіі.

Працэс над Ірынай пачаўся сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Яе абвінавачваюць «у грубым парушэнні грамадскага парадку» па ч. 1 арт. 342 КК. Суддзя — Вольга Лаўрыновіч.

У Мінску на гэтым тыдні будуць судзіць гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў Тамару Патоцкую 

Тамару затрымалі 5 снежня 2024 года ў Баранавічах. Пазней стала вядома, што жанчыну перавялі ў Мінск у СІЗА № 1. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Судзіць Тамару пачнуць 5 сакавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Працэс будзе весці суддзя Анастасія Ляйкоўская.

Паводле яе знаёмых, жанчына грамадскай актыўнасці пасля 2020 года не праяўляла. Займалася толькі аграсядзібай. Але ў 2020 годзе яна была ў ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай, была арыштавана на 15 сутак. А ў 2022 годзе атрымала штраф за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).

У Беларусі +9 новых палітвязняў

Гэта Алеся Галіцына, Андрэй Несцяровіч, Ірына Пазнякевіч, Іван Палевікоў, Паліна Зыль, Анатоль Васілеўскі, Аляксандр Клютко, Аляксандр Таранка, Лілія Качан.