Сілавікі просяць беларусаў паабяцаць, што яны не вернуцца на Радзіму. Хронікі рэпрэсій 6 сакавіка
Чытачы «Белсату», якія жывуць за мяжой, паведамляюць, што да іх прыходзяць лісты з прапановай падпісаць заяву, што яны не плануюць вяртацца ў Беларусь. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 6 сакавіка.

Беларуска Аксана, якая даўно жыве ў Польшчы, расказала, што на адрас, дзе яна прапісаная ў Беларусі, на яе імя прыйшоў ліст з дзіўнай прапановай — падпісаць ужо падрыхтаваную заяву пра тое, што яна не плануе вяртацца на Радзіму, піша «Белсат».

Фота Белсат
Жанчына знаходзіцца за мяжой 14 гадоў. За гэты час яна пабралася шлюбам з грамадзянінам Польшчы і стала жыве ў Варшаве. Аксана сачыла за падзеямі 2020-га і ходам рэпрэсій супраць суайчыннікаў. На сваёй старонцы ў Facebook яна крытычна выказалася аб дзеяннях сілавікоў. Гэта стала падставай для завядзення супраць яе крымінальнай справы за абразу прадстаўніка ўлады. Просьбы з'явіцца ва ўпраўленне ўнутраных спраў для дачы паказанняў жанчына ігнаравала.
Ад Радзімы Аксана адмовіцца не гатова — «Я напісала што нічога не падпішу і няхай закрываюць «за адсутнасцю складу злачынства». Адкрываць справу згоды не пыталіся. Хай гэтак жа і закрываюць».
За ўдзел у пратэстах пачынаюць судзіць 74-гадовага мінчука
Вячаслаў Шчаўлік родам з горада Долінска, які знаходзіцца на востраве Сахалін за амаль 10 тысячаў кіламетраў ад Мінска. Па звестках Digital Intelligence Team, чалавек з такімі ініцыяламі ў Беларусі адзін.
У 90-я спрабаваў адкрыць ІП, але яно закрылася ў 1996-м. Працаваў ахоўнікам і вартаўніком у Мінску. У яго ёсць жонка і двое паўналетніх сыноў. Невядома, калі яго затрымалі, але ў сацсетках і месенджарах Шчаўлік даўно не анлайн. Выглядае так, што ён за кратамі, піша «Наша Ніва».
Шчаўліка пачалі судзіць 6 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна разам з Любоўю Голубевай і Ірынай Голубевай-Палуян. Іх вінавацяць па «народным» артыкуле за ўдзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК). Суддзя — Ала Скуратовіч.
«Пасылак больш чым на 500 кілаграмаў»: падрабязнасці справы палітзняволенай Наталлі Ладуцькі, якую адправілі ў калонію за дапамогу палітвязням
«Наша Ніва» даведалася, што ж канкрэтна суддзя Яўген Пісарэвіч палічыў злачынствам. Фармулёўка суда гучыць так: «бязвыплатныя пералічэнні грашовых сродкаў і адпраўленняў прадуктаў харчавання, прадметаў адзення, сродкаў асабістай гігіены і іншых прадметаў асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай і ў месцах выканання пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі». «Экстрэмісцкае фармаванне», у садзейнічанні якому абвінавацілі Наталлю, — Dissidentby.
У справе пералічана 177 эпізодаў — гаворка ідзе пра грашовыя пераводы і пасылкі. Вось некалькі прыкладаў таго, што ставілася ў віну: пералічыла 100 рублёў на турэмны рахунак вязня, даслала пасылку вагой 4 кілаграмы.
Наталля рабіла адпраўленні трохі больш за два гады. За гэты час яна пералічыла больш чым 4000 рублёў і адправіла пасылак больш чым на 500 кілаграмаў.
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў лютым
За месяц праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 39 чалавек і запатрабавала рэабілітацыі 16 былых палітвязняў;
У лютым падлічана колькасць асуджаных у студзені — 89 чалавек. З гэтай колькасці 65 складаюць мужчыны, 24 — жанчыны;
Па інфармацыі «Вясны», у лютым на волю выйшлі мінімум 16 чалавек: 13 цалкам адбылі тэрміны, яшчэ трое палітзняволеных былі памілаваныя Лукашэнкам і вывезеныя з Беларусі;
Праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць, збіраюць і сістэматызуюць факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;
За тры гады, якія прайшлі з поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну, у нашай краіне працягваюць масава пераследаваць за любую падтрымку Украіны і выказванне салідарнасці;
Заключэнне Дзяніса Івашына ў ШІЗА, як паведамляецца, за выкарыстанне беларускай мовы — прыклад моўнай дыскрымінацыі, накіраванай на выцясненне нацыянальнай ідэнтычнасці і прымусовую русіфікацыю.
Паглядзець агляд цалкам можна тут.
АМАП затрымаў украінца, якому раней забаранілі ўезд у Беларусь за «экстрэмізм»
Полацкія памежнікі ў Верхнядзвінскім раёне затрымалі ўкраінца за парушэнне латвійска-беларускай мяжы. Таксама ўсталяваныя і затрыманыя ягоныя «змоўшчыкі», паведамілі ў Дзяржпамежкамітэце.
«Як стала вядома, украінец меў намер ехаць у Расійскую Федэрацыю для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Высветлілася, што яму забаронены ўезд у Расію і Беларусь як асобе, якая выношвае намеры па дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча і арганізацыі ячэек экстрэмісцкіх структур у інтарэсах Украіны».
Мужчыну затрымалі за парушэнне мяжы. У дачыненні да яго памочнікаў з Беларусі распачаты крымінальныя справы за арганізацыю незаконнай міграцыі. Ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
У Беларусі пашыраны пералік арганізацый, дзе дапускаецца дагляд рэчаў і дакументаў
Аляксандр Лукашэнка 6 сакавіка падпісаў Указ, якім карэктуюцца нормы ўказа ад 25 кастрычніка 2007 года № 534 «аб мерах па ўдасканаленні ахоўнай дзейнасці», паведамляе «Пул першага», піша reformby.org.
«Дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці мер па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі ў месцах масавага знаходжання грамадзян, у тым ліку пры правядзенні культурных, спартыўных і іншых відовішчных мерапрыемстваў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У прыватнасці, указ вызначае пералік аб'ектаў, якія падлягаюць абсталяванню ручнымі сістэмамі трывожнай сігналізацыі, прыём сігналаў якіх ажыццяўляецца Дэпартаментам аховы МУС. У яго ўключаны аэрапорты, аўтобусныя і чыгуначныя вакзалы, установы адукацыі, гандлёвыя цэнтры, рынкі, аквапаркі, шматфункцыянальныя будынкі, а таксама спартыўна-відовішчныя збудаванні, аб'екты культурнай інфраструктуры, установы аховы здароўя і дзяржаўныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання з колькасцю пасадачных і ложка-месцаў ад 300 і больш, іншыя крытычна важныя аб'екты.
Зменены пералік арганізацый, у якіх дапускаюцца асабісты дагляд, дагляд рэчаў і дакументаў, транспартных сродкаў. Ён дапоўнены суб'ектамі, якія арганізуюць на пастаяннай аснове правядзенне дыскатэк, працу культурна-забаўляльных (начных) клубаў і якія маюць падраздзяленні аховы.
У пералік арганізацый, дзе дапускаецца дагляд рэчаў і дакументаў, транспартных сродкаў ведамаснымі работнікамі аховы, уключаны суб'екты гандлю (юрыдычныя асобы), ва ўласнасці або аператыўным упраўленняў якіх знаходзяцца фізкультурна-спартыўныя збудаванні, гандлёвыя цэнтры і аб'екты культурнай інфраструктуры.
Акрамя таго, вызначаецца парадак выдачы і прыёму зброі і боепрыпасаў работнікам службы інкасацыі.