Былая палітзняволеная Ксенія Луцкіна эвакуіравана з Беларусі. Хронікі рэпрэсій 4 сакавіка
Пра эвакуацыю былой журналісткі Белтэлерадыёкампаніі Ксеніі Луцкіной напісаў Андрэй Стрыжак. Нагадаем, Ксенію Луцкіну асудзілі да 8 гадоў калоніі. У зняволенні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем. Летась Луцкіна была вызвалена па памілаванні. Цяпер яна ў бяспецы. Падтрымаць фінансава яе можна тут. А палітычны пераслед тых, хто ў Беларусі. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю на 4 сакавіка.

З пачатку года пры дапамозе BYSOL з Беларусі вывезлі 23 чалавек
Пра гэта напісаў Андрэй Стрыжак.
«BYSOL ДАПАМАГАЕ ТОЛЬКІ МЕДЫЙНЫМ! Гэта няпраўда. З пачатку года мы эвакуіравалі 23 чалавекі. Абсалютная большасьць гэтых людзей не публічныя і не медыйныя. Мы дапамагаем усім, каму маем магчымасць», — адзначыў Стрыжак.
У Мінску хутка пачнуць судзіць эстонца і вядомага баскетбольнага суддзю
Мінскі гарадскі суд 17 сакавіка пачне разглядаць крымінальную справу супраць эстонца Алана Роя і баскетбольнага суддзі Аляксандра Сырыцы, якога затрымалі летась па вяртанні ў Беларусь. Палітвязняў больш за год утрымліваюць пад вартай. Іх справу будзе разглядаць суддзя Анжэла Касцюкевіч.
У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім); ч. 1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі); ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі); ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Вядома, што 16 студзеня 2024 года КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкім фармаваннем» фонду «Fund of Belarus Friend LTD». У рашэнні ведамства былі пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненне да фонду: Алег Стэфановіч і Аляксандр Сырыца, а таксама Алан Роя.
Траўматолага калумбійскага паходжання судзяць у Віцебску за «экстрэмізм» — раней, верагодна, судзілі яго жонку
Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска адзначылася імя Хорхе Еліесера Даса Гайтан. Мужчыну ставяць у віну ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмізму).
Мяркуючы па сацсетках, мужчына родам з калумбійскай Арменіі, вучыўся ў віцебскім медуніверсітэце і застаўся ў Беларусі працаваць. Па бэйджы на фатаграфіях можна зразумець, што ён працуе траўматолагам.
Раней @vitebsk_info паведамляў пра аналагічны суд над Вольгай Даса Гайтан, супрацоўніцай віцебскай філіі «СберБанка» — верагодна, жонкай Хорхе Еліесера. Яе таксама судзілі за «распаўсюд экстрэмізму».
У Наваполацку двух чалавек судзяць за пратэсты 2020 года
У судзе г. Наваполацка 4 сакавіка адбываюцца два працэсы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Дзмітрыя Цюкаева судзіць Ірына Жарова, а Арцёма Васільева — Алла Гаціх. Апошняга, апроч удзелу ў пратэстах, судзяць таксама за «ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу» (ч. 1 арт. 435 КК).
За год у Наваполацку па «народным» артыкуле прыцягнулі да крымінальнай адказнасці мінімум шэсць чалавек.
У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі лекарку гарадской паліклінікі
28 лютага ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля адбыўся разгляд судовай справы ў дачыненні да Аліны Жукавай. Яе абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП). Справу разглядала суддзя Аксана Шавякова. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Як паведамляе «Гомельская Вясна», Аліна Жукава, прынамсі да гэтага суда, працавала лекаркай-аталарынголагам у Гомельскай цэнтральнай гарадской клінічнай паліклініцы.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Гвоздодёр Live! ВОЙНА», «ЧОРНАЯ КНІГА СЛУЧАКА», «Климовичи», «KRKN_FPV_COMPANY»;
- Instagram старонкі «Sviatlana Nekh», «yulia_sliuko»;
- YouTube-канал «Павел Латушко»;
- Сайт ініцыятывы «Честные люди»;
- Старонка ў Facebook «Юлiя Грэбень»;
- Старонка ў TikTok «Alex_kamis».