«Экстрэмісцкай» прызналі старонку ў Instagram, якая мае ўсяго 7 падпісчыкаў. Хронікі рэпрэсій 28 лютага
Гэта старонка «Чаты 97%», дзе размешчаны 23 публікацыі, прычым апошняя з іх была зроблена амаль 9 месяцаў таму. Такое рашэнне прыняў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 26 лютага. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра рэпрэсіі ў Беларусі на сёння, 28 лютага.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі
Telegram-каналы і чаты «Rost Rudzık», «Беларуcкi Янкi», «Polk Kalinouskaha/Полк Калiноўскага», «Кунцевщина Минск TUT☮️», «Уручча», «ЧАТ Малиновка 5/6», «Беларуская диаспора в Черногории», «Беларусы Щецина», «Беларусы Торуня і Быдгашчы/Быдгощ», «Беларусь. Акции у посольства в Берлине», «Чат. Восточный округ №107 г.Минска. Работа с депутатами», «Калиновский избирательный округ N 108. Депутат Гайдукевич», «Беларусы Iрпень/Буча», «Cі4 Team (4мб ОПБр)», «hatory», «Хабза Береза»;
Instagram старонкі «podiia.infо», «volgazh»;
Старонкі ў «Х» «Horbac», «Dżmitry Hurniević»;
Старонкі ў TikTok «infobel», «Ник и майк», «Правильный Беларус», «Новости Беларуси - TUT BY», «Новости Беларуси».
Абвешчаны збор у падтрымку палітзняволеных жанчын
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на сёння ў Беларусі за кратамі знаходзяцца каля 150 палітзняволеных жанчын. Напярэдадні 8 сакавіка некалькі ініцыятыў аб'ядналіся і распачалі збор у падтрымку беларусак.
На кожную жанчыну плануецца выдаткаваць каля €150. Калі атрымаецца сабраць больш — падтрымка будзе больш шырокай, і яшчэ больш жанчын яе атрымаюць.
Футбольнага фаната з Оршы зноў асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»
27 лютага ў судзе Оршы і Аршанскага раёна судзілі 25-гадовага Аляксея Сукорскага. Адміністрацыйны пратакол за «распаўсюд экстрэмізму», складзены па ч. 2 арт. 19.11 КаАП, разбірала суддзя Юлія Вяршыніна, піша @vicspring. Вынік пасяджэння высвятляецца.
Менавіта яна 9 лютага ўжо асудзіла Аляксея па гэтым самым артыкуле — тады Сукорскаму прызначылі 7 сутак арышту.
Упершыню пад увагу сілавых структур хлопец трапіў яшчэ ў 2018 годзе. Тады падставай для судовага разбору стаўся інцыдэнт, які здарыўся на аршанскім стадыёне падчас матчу паміж футбольнымі камандамі Оршы і Ліды. Дзяжурныя міліцыянты заўважылі на шапцы Сукорскага нашыўку з надпісам «A.C.A.B.».
Аляксея тады затрымалі. У выніку хлопец двое сутак правёў пад вартай, а судовы разбор скончыўся штрафам за «непадпарадкаванне міліцыянтам».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 21 прозвішча — цяпер у ім 4990 чалавек
28 лютага МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі былога старшыню Віцебскага падраздзялення БНФ Іосіфа Дулебу, былога інспектара Службы бяспекі аэрапорта «Мінск-2» Анатоля Крупіна, а таксама 71-гадовага Пятра Філіповіча.
Ветэрынара са Смалявічаў абвінавачваюць у стварэнні «экстрэмісцкага» фармавання і закліках да санкцый
6 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе прадоўжаць разглядаць крымінальную справу супраць 42-гадовага ветэрынара са Смалявіч Арцёма Кухаронка. Мужчыну абвінавачваюць па пяці артыкулах КК.
Кухаронка абвінавачваюць у стварэнні «экстрэмісцкага» фармавання альбо ўдзеле ў ім (частка 3 артыкула 361-1 КК), распальванні варожасці (частка 1 артыкула 130 КК), садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці (частка 1 і частка 2 артыкула 361-4 КК) м (частка 3 артыкула 361 КК).
Па інфармацыі Digital intelligence team, прадстаўленай «Нашай Ніве», мужчына вучыўся ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Працаваў ветэрынарным урачом, выкладчыкам у Смалявіцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым каледжы, тэхнікам. Таксама ён дырэктар ветэрынарнай фірмы «ХімВет».
У чым канкрэтна абвінавачваюць беларуса і калі яго затрымалі — невядома.
Яшчэ адну супрацоўніцу «Пеленга» будуць судзіць за «заклікі да прычынення шкоды Беларусі»
Ірына Суржык з Мінска. Яна вучылася ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Вядома, што больш за 15 гадоў Ірына працуе на ААТ «Пеленг» — найбуйнейшым праектна-канструктарскім прадпрыемстве аптычна-электроннай прамысловасці.
Апошнім часам Суржык была інжынерам-канструктарам 1 катэгорыі ў навукова-канструктарскім упраўленні СКС (яго яшчэ называюцца «дваццаткай») у сектары сістэмнага забеспячэння вытворчасці. Хутчэй за ўсё, жанчыну затрымалі падчас аблавы на «Пеленг», якая пачалася мінулым летам, піша (https://nashaniva.com/362651) «Наша Ніва».
Суд над Ірынай пачынаецца 12 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Жанчыну абвінавачваюць у «закліках да прычынення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Суддзя — Святлана Макарэвіч.
Нагадаем, нядаўна асудзілі яшчэ адну супрацоўніцу «Пеленга» — 29-гадовую Карыну Праташчык. Ёй па тым жа артыкуле прысудзілі два гады калоніі.
Цягам гэтага тыдня прынамсі траіх жыхароў Віцебска паўторна судзілі за «распаўсюд экстрэмізму ў сацыяльных сетках»
Так, 26 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска разбіралі судовую справу Юрыя Кажэкі, распачатую паводле ч.2 арт.19.11 КаАП. Мінулы раз па гэтым самым артыкуле мясцовага прадпрымальніка судзілі 21 лютага.
27 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска разбіралі судовую справу Вольгі Даса Гайтан, распачатую паводле ч.2 арт.19.11 КаАП. Мінулы раз супрацоўніцу «СберБанка» таксама судзілі па гэтым самым артыкуле 21 лютага.
Сёння, 28 лютага суд Кастрычніцкага раёна Віцебска разбіраў справу Марыны Малінай - зноў-такі па ч.2 арт.19.11 КаАП. І мінулы раз за гэта ж яе таксама судзілі 21 лютага.
У Крымінальны кодэкс унеслі артыкул аб звестках пра рух войскаў
На Нацыянальным прававым партале Pravo.by 17 лютага апублікавалі закон «Аб змяненні кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці». Згодна з ім уносяцца змены ў Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс.
Праваабаронцы «Вясны» звярнулі ўвагу на новы артыкул 375-3 Крымінальнага кодэксу — «Несанкцыянаваны распаўсюд інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, вайсковай тэхнікі ды боепрыпасаў», піша Свабода.
Максімальнае пакаранне, прадугледжанае гэтым артыкулам, — 6 гадоў зняволення, іншыя санкцыі — штраф або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
«Увядзенне такога складу звязана з вайной ва Украіне і накіраванае на пашырэнне рэпрэсій супраць тых, хто дзеліцца звесткамі аб перамяшчэнні расейскай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Але чалавек мог проста выпадкова сфоткаць вайсковы цягнік і падзяліцца здымкам з сябрамі, а цяпер сядзе ў турму», — кажа Свабодзе пра новаўвядзенне праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка.
Юрыст адзначае, што раней за тыя ж дзеянні беларусаў улады пераследавалі з дапамогай артыкулаў аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, альбо аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні, і нават артыкула 356 КК аб здрадзе дзяржаве, за што прадугледжана максімальнае пакаранне зняволеннем на тэрмін 15 гадоў для цывільных або 20 гадоў для вайскоўцаў.
«Цяпер магчымасці павялічаныя. За тую ж фотку з вайсковым цягніком могуць выставіць і новы артыкул 375-3, і артыкул аб здрадзе радзіме, а потым судзіць па сукупнасці. Рэпрэсіўныя магчымасці робяць большымі, каб яшчэ далей запалохваць людзей і спыняць усякі супраціў дыктатуры», — мяркуе Леанід Судаленка.