Расійскія СМІ: Святлана Алексіевіч — амерыканскі праект

У Расіі пачалася траўля Святланы Алексіевіч. На расійскім сайце пад прыгожай назвай "Вольная прэса", які рэдагуюць расійскія пісьменнікі Шаргуноў і Прылепін і паступова ператвараюць яго ў трыбуну чарнасоценцаў і праваслаўных харугваносьбітаў выйшаў правакацыйный і абразлівы артыкул пра вядомую беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч.



c9e4832580389ce44e2b09fe5bdbc687.jpg

Аўтар, нехта Уладзімір Бандарэнка піша пра Алексіевіч — «нібыта беларуская пісьменніца». Ён абвінавачвае яе ў тым, што яна «сёння ездзіць па ўсёй Еўропе і мітынгуе супраць Уладзіміра Пуціна і заклікае да вайны з Расіяй». «Яна спіць і бачыць, каб яе і сапраўды вылучылі зноў на Нобелеўскую прэмію», — упэўнены расійскі цемрашал.

Яна выхоўвае ў еўрапейскім грамадстве нянавісць не да пэўнага неўпадабанага валадара, а да ўсяго рускага».

«Дыхае беларускім паветрам, а піша з нянавісцю пра Расію і рускі народ. Навошта?, — пытаецца аўтар расейскага сайта. І тут жа дае адказ: «Напэўна, ёй натаўскія гаспадары растлумачылі: каб усур'ёз прэтэндаваць на Нобелеўскую прэмію, ёй трэба жыць там, у Беларусі. А пісаць пра Расію, куды Алексіевіч рэгулярна ездзіць».

Святлану Алексіевіч невядомы аўтар называе пасрэдным літаратарам: «Па сутнасці і піша не прозу, а дакументальныя нарысы на зададзеную тэму. То пра Афганістан — «Цынкавыя хлопчыкі», беручы інтэрв'ю ў хлопцаў, якія ваявалі. То пра жанчын на вайне — «У вайны не жаночы твар». То пра Чарнобыль — «Чарнобыльская малітва». То пра перабудову — «Час сэканд хэнд». І з кожнай кнігай Алексіевіч станавілася ўсё больш варожай да Расіі і да рускага народа».

Разам з нянавісцю да рускага народу, Алексіевіч, аказваецца, «прышчапляе і нянавісць да праваслаўя, абавязкова ва ўсіх сваіх сённяшніх гутарках і інтэрв'ю дадаючы брудныя словы ці пра патрыярха Кірыла, ці ўвогуле пра рускую царкву».

Беснаваты публіцыст «Вольнай прэсы» перажывае за Нобелеўскую прэмію і просіць не даваць яе беларускай пісьменніцы: «Калі гэты амерыканскі праект Алексіевіч атрымаецца ажыццявіць, Нобелеўская прэмія будзе назаўжды пакрыта ганьбай. Бо даваць прэмію чалавеку, адкрыта расісцкіх поглядаў, зневажальнаму да аднаго з вялікіх народаў свету, гэта значыць — зневажаць і саму прэмію».

Яшчэ больш ён перажывае за тое, што кнігі Алексіевіч выдаюць у Расіі.

Спадзяемся, што опус супраць Алексіевіч — разавая акцыя зласлівага і зайздроснага чалавека, а не пачатак маштабнай цкавання пісьменніцы ў Расіі.

Паводле: “Белорусский партизан