Рагачоўская раёнка абвінавачвае мясцовых актывістаў ў педафіліі
Раённае выданне «Свабоднае слова» размясціла на сваім сайце чарговы зняважлівы артыкул пра прадстаўнікоў апазіцыі пад назвай «Шок! Оппоззиционный активист пригласил на свидание 16-летнего подростка». На гэты раз рагачоўская раёнка ўказвае на тое, што мясцовыя прадстаўнікі дэмакратычных сіл з’яўляюцца… педафіламі.
Фота з сайта «Свабоднага слова да артыкула «Шок! Оппоззиционный активист пригласил на свидание 16-летнего подростка»
«Падобна на тое, што наша апазіцыя ў сваім імкненні капіяваць заходнія ідэалы зайшла настолькі далёка, што цалкам страціла агульнапрынятыя ў славянскім свеце маральныя нормы і каштоўнасці. Вынікаючы заганным схільнасцям сваіх заходніх спонсараў, а таксама імкнучыся ўлагодзіць іх усімі магчымымі спосабамі, нашы пагарджаныя ўсімі нармальнымі людзьмі «оппики» ўсё глыбей апускаюцца на самае дно грамадства, становяцца самымі сапраўднымі ізгоямі.
Спачатку «Чарнобыльскі шлях», дзе ў адной калоне з «оппами» па сталіцы нашай краіны пад сваім вясёлкавым сцягам прайшлі прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў, затым актыўнае вывучэнне вопыту замежных дэмакратаў па стварэнні партыі педафілаў.
Дакаціліся нашы «оппики»... Далей няма куды... А яшчэ ў дэпутаты некаторыя адрынутыя пазначаюць... Ясна ж, з якімі мэтамі і задачамі рвуцца яны да мандату... Зрэшты, рагачоўцы ўжо выказалі сваё меркаванне з нагоды іх намераў і бясплодных патугаў і намаганняў», — піша выданне, намякаючы, верагодна, на экс-кандыдата ў дэпутаты на выбарах–2012 па Рагачоўскай акрузе Дзяніса Дашкевіча.
Абразы, дарэчы, працягваюцца ўжо крыху ніжэй, у каментарах пад артыкулам, дзе імя Дзяніса Дашкевіча называецца ў адкрытую.
— Цікава, што яшчэ пару тыдняў таму мяне вызывалі ў пракуратуру, дзе папярэдзілі пра крымінальную адказнасць за абразы раённых чыноўнікаў на незалежным сайте vrogacheve.ru, — кажа актывіст Дашкевіч. — Менавіта тады я ўказаў на тое, што раённае выданне «Свабоднае слова» на сваім сайце неаднаразова абражала мяне і маіх калег, але іх ніхто не папярэджваў за гэта. На што пракурор мне адказала, што ў іх няма інтэрнэту, і што для іх усе людзі роўныя, нягледзячы на іх палітычную арыентацыю. Цяпер я праверу, наколькі гэтыя словы з’яўляюцца праўдай, бо мы маем намер звяртацца ў пракуратуру з адпаведнай заявай: скрыншот гэтага тэксту ўжо зроблены.