Прэзідэнцкая бібліятэка ўшанавала Кастуся Каліноўскага
Экспазіцыя «За годнасць! За Радзіму!», прымеркаваная да 175-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага і 150-годдзя паўстання 1863–1864 гадоў, адкрылася ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.
Як паведаміла БЕЛТА супрацоўніца аддзелу старадрукаваных і рэдкіх выданняў бібліятэкі Вераніка Мітракова,
у аснове выставы — кнігі і часопісы з фонду аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі. У экспазіцыі прадстаўлена каля дваццаці
зборнікаў 1863–1910 гадоў. Можна пабачыць адно з першых даследаванняў гісторыі паўстання «Звесткі аб польскім бунце 1863 году
ў паўночна-заходняй Расіі», складзенае генералам В. Ратчам, а таксама публікацыі ўспамінаў пра падзеі таго часу.
Сярод экспанатаў — выдадзены ў 1927 годзе зборнік дакументаў пра паўстанне «1863 год на Міншчыне», а таксама першая беларуская манаграфія
на гэтую тэму «1863 год на Беларусі» Усевалада Ігнатоўскага.
У бібліятэцы захоўваюцца і замежныя выданні, прысвечаныя першай беларускамоўнай газеце — «Мужыцкай праўдзе», якая выходзіла ў час
паўстання, у тым ліку каментаваныя тэксты «Мужыцкай праўды» і «Лістоў з-пад шыбеніцы» Каліноўскага, падрыхтаваныя
Янкам Запруднікам і Т. Э. Бэрдам.
Выставу, якая працягнецца па 30 красавіка, дапаўняюць грунтоўныя даследаванні сучасных гісторыкаў і навуковыя артыкулы, падрыхтаваныя ў апошнія гады.