Прапаганда для зусім дурных: як беларусаў водзяць за нос
За тыдзень тры «зорныя гадзіны» прапаганды і бясконцая праца арміі ботаў. Прапагандысты ўжо не саромеюцца аніякіх сродкаў — але ўсё адно не пракатвае.
За апошні тыдзень здарылася тры медыяпадзеі, якія выдатна ілюструюць, як прапаганда хоча трымаць беларусаў за ідыётаў. Таму што ва ўсіх трох выпадках хлусня відавочная. Але дзяржпрапаганда нават не асабліва імкнецца яе маскіраваць.
Дарэчы, пра паходжанне слова «ідыёт»: у старажытных Афінах так называлі грамадзян, якія не прымалі ўдзелу ў грамадскім жыцці. Сёння так называюць недасведчанага, дурнога чалавека. Мабыць, гэта вельмі дакладнае слова: у ніжэйпералічаныя фэйкі прапаганды можна паверыць, толькі калі быць зусім ужо адарваным ад грамадскага жыцця Беларусі і не валодаць хаця б мінімальным узроўнем медыяпісьменнасці, піша «MediaIQ».
Але пяройдзем да падзей.
Гомельскае дзяржСМІ спалілася на AI-партрэце гераіні — а на выкрыццё адказала грубай бот-атакай
Гомельскае выданне «Флагшток» выявіла, што ў газеце Гомельскага гарвыканкама «Гомельскія ведамасці» выкарыстаны партрэт нібыта пенсіянеркі, згенераваны штучным інтэлектам. «Карэнная жыхарка Гомеля» расхвальвае горад на ўсе лады.
Падазрэнне ўзнікла ў журналістаў праз падабенства «фота» з тыповымі выявамі, згенераванымі нейрасеткамі, накшталт «Midjourney»: партрэт выглядае больш чым рэтушаваным, ненатуральным, канструкцыя каўняра сарочкі жанчыны асіметрычная, а на размытым фоне адгадваюцца рысы амерыканскага або еўрапейскага горада. Карыстальнікам падобных сэрвісаў падабенства адразу кідаецца ў вочы.
Праверка сэрвісам aiornot.com пацвердзіла: ілюстрацыя штучная.
«Аўтарам матэрыялу ўказана Святлана Цягунова, — піша «Флагшток». — Гэтым жа імем у газеце падпісаны тэндэнцыйныя публікацыі пра заняпад заходніх краін, агляды культурных мерапрыемстваў і падзей у Гомелі. Верагодна, імя аўтара таксама з'яўляецца выдуманым. Святлана Цягунова не згадваецца на старонках газеты раней за сакавік 2023 года, а рэальнае фота такога карэспандэнта знайсці не ўдалося».
Усё гэта наводзіць на падазрэнне, што гераіня артыкула наогул не існуе ў рэальнасці.
Чым жа адказала на гэта дзяржпрапаганда? Гомельскія прапагандысты скаардынавалі ботаў, каб даказаць рэальнасць кіберпенсіянеркі, працягвае гісторыю «Флагшток». Замест прызнання фальсіфікацыі дзяржвыданнем пад публікацыямі «Флагштока» ў сацсетках сталі з'яўляцца каментары пра тое, што гомельская пенсіянерка сапраўдная, проста яна вельмі добра выглядае. Як паказала праверка журналістаў, частка гэтых каментароў належыць супрацоўнікам ідэалагічных службаў, частка — ботам, гэта значыць фэйкавым акаўнтам.
Вось, да прыкладу, адзін з каментароў фэйкавага акаўнта:
«Бабулька-симпапулька. Приятно посмотреть, думаю, без фильтра будет смотреться не хуже. А к чему перемывание статьи, сейчас молодежь фото без обработки не выставляет в сети, и это норм, а здесь уже все — трагедия».
А вось што напісала, не асабліва хаваючы асобу, Кацярына Краўчанка — старшы інспектар Аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лоеўскага райвыканкама:
«Как по мне, фото настоящего человека, просто фото профессиональное, и фотографу респект. Просто немного растушевали фон и ярче оттенки красок».
Хтосьці нават прызнаў выкарыстанне нейрасеткі, не здолеўшы зразумець, што гаворка пра фота, а не пра тэкст:
«Інфармацыя ў артыкуле адпавядае рэальнасці, а тое, што пры яе напісанні выкарыстана нейрасетка, так свет не стаіць на месцы».
Да таго ж згенераваны нейрасеткай партрэт не можа па вызначэнні «адпавядаць рэальнасці»: каментатар не заўважае супярэчнасці ў сваіх словах.
Інтэрв'ю Лукашэнкі масава каментуюць боты — а дзяржСМІ хваляцца гэтым
ДзяржСМІ ўсхваляюць і ўзмоцнена прасоўваюць інтэрв'ю Лукашэнкі «ўкраінскай журналістцы» Дзіяне Панчанка, якая напраўду з'яўляецца расійскай прапагандысткай з украінскім грамадзянствам, супраць якой ва Украіне распачалі крымінальную справу. Беларускія дзяржСМІ хорам вяшчаюць пра мільёны праглядаў і дзясяткі тысяч каментароў пад відэаверсіяй інтэрв'ю на YouTube: маўляў, заявы Лукашэнкі цікавыя ўсім на свеце.
«Media IQ» вывучыла каментары, і, мяркуючы па аднатыпнасці допісаў ад падазроных акаўнтаў з нікамі тыпу «user-*выпадковы набор сімвалаў*», высокія паказчыкі забяспечаны мэтанакіраванай працай фэйкавых акаўнтаў.
Што здараецца без ботаў: у Мінску на прэм'еру Z-фільма «Сведка» прыйшлі чатыры чалавекі
У Расіі знялі прапагандысцкі фільм «Сведка» пра расійска-ўкраінскую вайну, які дэманізуе Украіну. Галоўны герой — бельгійскі скрыпач у ваеннай Украіне, УСУ гвалтуюць і забіваюць яго спадарожніцу, а самога музыканта пад катаваннямі прымушаюць іграць гімн люфтвафэ, пераказвае сюжэт «Медуза».
На прэм'еру фільма ў мінскім кінапракаце прыйшлі толькі чатыры чалавекі: праўладная актывістка Вольга Бондарава са знаёмымі. У некаторых кінатэатрах фільм знялі з пракату. Праваліўся ў пракаце ён, дарэчы, і ў Расіі. Гэта значыць прапагандысцкі «шэдэўр» не выклікаў цікавасці.
На няшчасце прапагандыстаў, для кінатэатра нельга нагенераваць гледачоў. Але можна меркаваць, што кіназалы неўзабаве запоўняць з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, у «добраахвотна-прымусовым» парадку, запрасіўшы на іх супрацоўнікаў дзяржустаноў, школьнікаў, студэнтаў і вайскоўцаў — як гэта робіцца са спартыўнымі турнірамі ці як у 2020 годзе звозілі бюджэтнікаў з усёй краіны на мітынг Лукашэнкі.