«Сам сябе не пахваліш — ніхто не пахваліць». Улады ствараюць кібер-персанажаў для прапагандысцкіх артыкулаў
Пенсіянерка нібыта захапілася якасцю жыцця ў Гомелі, пра што і сказала ў гарадской газеце. Але яе фота — згенераваная нейрасеткай, а аўтарка матэрыялу, імаверна, таксама не існуе. Прапагандысты пачалі выкарыстоўваць штучны інтэлект для стварэння публікацый.
Такая публікацыя была заўважаная Флагштокам у газеце Гомельскага гарвыканкама «Гомельскія ведамасці». У артыкуле з загалоўкам «Святлана Сталярова: “Гомель прапануе мне ўсё для камфортнага жыцця”» невядомая гомельская пенсіянерка хваліць культурныя мерапрыемствы ў Гомелі.
«Гомель прапануе мне ўсё неабходнае для камфортнага жыцця. Тут развіта інфраструктура, ёсць крамы, аптэкі, бальніцы і іншыя ўстановы, якія заўсёды патрэбныя. Таксама тут ёсць мноства кафэ і рэстаранаў, дзе можна праводзіць час з сябрамі і атрымліваць асалоду ад смачнай ежай. І я цаню гэтыя магчымасці», — напісана ў гарадской газеце.
Але суправаджаецца публікацыя выявай, створанай пры дапамозе нейрасеткі. Пра гэта кажа моцна размыты фон абстрактнага багатага еўрапейскага або амерыканскага горада. Фота мае пашырэнне 600х600 пікселяў, характэрнае для некаторых сэрвісаў AI.
Акрамя гэта на штучнае паходжанне здымка паказвае асіметрыя ў канструкцыі вароты блузкі віртуальнай жанчыны.
Сляды папярэджання аб не актываванай аперацыйнай сістэме ў правым ніжнім куце здымка паказваюць, што здымак, верагодна, быў скапіяваны з браўзера пры дапамозе каманды Print Screen.
Сэрвіс aiornot.com, які можа адрозніць рэальнае фота ад згенераванага нейрасеткамі, адназначна паказвае на штучнае паходжанне ілюстрацыі.
Аўтарам матэрыялу паказаная Святлана Цягунова. Гэтым жа імем у газеце падпісаныя тэндэнцыйныя публікацыі пра заняпад заходніх краін, агляды культурных мерапрыемстваў і падзей У Гомелі. Верагодна, імя аўтара таксама з'яўляецца выдуманым. Святлана Цягунова не згадваецца на старонках газеты раней сакавіка 2023 года, а рэальнае фота такога карэспандэнта знайсці не ўдалося.