Прадстаўнікі грамадскасці лічаць мяккім рашэнне нарады бакоў Канвенцыі Эспаа па Беларускай АЭС

Прадстаўнікі беларускай і літоўскай экалагічнай грамадскасці лічаць, што рашэнне нарады бакоў Канвенцыі Эспаа, прынятае 5 чэрвеня, у дачыненні да Беларускай АЭС празмерна мяккае і не ўлічвае ўсіх акалічнасцяў. Адпаведная заява была распаўсюджана прадстаўнікамі грамадскасці — удзельнікамі нарады бакоў у Жэневе 2–5 чэрвеня. 



nov_kava_tac.jpg

Як заявіла БелаПАН эколаг Таццяна Новікава, якая прадстаўляла ГА "Экадом", нарада бакоў прызнала, што Беларусь прыняла канчатковае рашэнне аб будаўніцтве АЭС, рэкамендавала камітэту даць ацэнку гэтаму рашэнню, Беларусі — прадоўжыць кансультацыі з Літвой, але абышло ўвагай факт працягу будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Гэта адбылося, з аднаго боку, таму, што камітэт спаслаўся на недахоп часу для ацэнкі нядаўна прынятых Беларуссю рашэнняў, з іншага — таму, што Беларусь прадэманстравала гатоўнасць супрацоўнічаць і палепшыла сваё заканадаўства, з-за чаго некаторыя рэкамендацыі былі знятыя, таму бакі канвенцыі не былі гатовыя прыняць жорсткія санкцыі, сказала Новікава. 
Паводле слоў прадстаўніка "Экадома", нягледзячы на мяккасць рашэння нарады, Беларусь прадэманстравала бескампраміснасць, непадатлівасць і прымусіла бакі прымаць гэта рашэнне шляхам галасавання, што адбылося ўпершыню за ўсю гісторыю канвенцыі. 
Прадстаўнікі беларускіх экалагічных грамадскіх арганізацый (грамадскага аб'яднання "Экадом", таварыства "Зялёная сетка", якое аб'ядноўвае вядучыя экалагічныя арганізацыі Беларусі) і грамадскасці Літвы (Саюз сялян і зялёных, Партыя зялёных) лічаць, што ў нарады бакоў было досыць падстаў запатрабаваць ад Беларусі прыпыніць рэалізацыю праекта АЭС і перагледзець рашэнні, прынятыя з парушэннямі палажэнняў Канвенцыі Эспаа. У прыватнасці, Беларусь актыўна будуе сваю АЭС, што недапушчальна падчас правядзення кансультацый і разгляду па Эспаа. 
Беларусь ратыфікавала Канвенцыю Эспаа аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце 10 лістапада 2005 года. 16 чэрвеня 2011 года камітэт па ажыццяўленні Канвенцыі Эспаа прыняў скаргу ад Літвы з нагоды невыканання канвенцыі пры будаўніцтве АЭС. З 2009 года камітэт вёў разбор па будаўніцтве Беларускай АЭС у адпаведнасці са скаргай украінскай грамадскай арганізацыі "Экаклуб".
Таццяна Іванова, БелаПАН