Павел Севярынец папрасіў мітрапаліта Веньяміна абараніць бел-чырвона-белы сцяг

Палітвязень просіць прадстаўніка Праваслаўнай царквы выступіць за нацыянальны сімвал Беларусі.

pavel_severinec.jpg


Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец напісаў ліст мітрапаліту Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Веньяміну з просьбай заступіцца за бел-чырвона-белы сцяг як хрысціянскі сімвал. Пра гэта ў Фэйсбуку напісала жонка палітвязня Вольга Севярынец, паведамляе «Радыё Свабода».

У 1995 годзе Ніл Гілевіч звяртаўся да мітрапаліта Філарэта з такой жа просьбай — патлумачыць, як ён ставіцца да бел-чырвона-белага сцяга. Філарэт адказаў, што ставіцца станоўча, бо гэта колеры белай плашчаніцы з крывёй Хрыста.

Петыцыя ў абарону бел-чырвона-белага сцяга за некалькі дзён набрала больш за 100 тысяч подпісаў. Акрамя таго, студэнты і выкладчыкі БДУ, а таксама гісторыкі прасілі спыніць падрыхтоўку законапраектаў аб прызнанні сімвалу экстрэмісцкім. Пра такую падрыхтоўку раней паведамляла Генпракуратура.

Калектыўную заяву, у якой просяць прызнаць бел-чырвона-белую сімволіку экстрэмісцкай і, адпаведна, забараніць яе, падпісалі ўсяго каля 100 чалавек.

Улады адказалі на петыцыю супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім, якую падпісалі 103 тысячы чалавек. Пракуратура заявіла, што не можа самастойна прызнаць БЧБ-сцяг экстрэмісцкім. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк паведаміў, што распрацоўкі падобнага заканадаўчага акта няма ў плане падрыхтоўкі на 2021 год.