Генпракуратура «здала назад»? Яна не можа прызнаць БЧБ-сцяг «экстрэмісцкім»
Генпракуратура не можа прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкай сімволікай. Пра гэта даводзіцца на сайце ведамства.
Як адзначаецца ў паведамленні Генпракуратуры, «у сувязі з паступленнем у Генеральную пракуратуру шматлікіх зваротаў грамадзян па пытаннях аднясення бел-чырвона-белага сцяга да экстрэмісцкай сімволікі паведамляецца наступнае. Прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі ажыццяўляецца судом у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”».
Нагадаем, 29 студзеня ў эфіры БТ афіцыйная прадстаўніца Генпракуратуры Беларусі Анжаліка Курчак паведаміла, што «ў Генеральную пракуратуру паступіў калектыўны зварот, пад якім падпісаліся больш за сотню грамадзян з просьбай аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. З улікам раней праведзенай Генеральнай пракуратурай работы па ўдасканаленні заканадаўства аб процідзеянні экстрэмізму цяпер мы рыхтуем пакет дакументаў аб прызнанні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі».
У адказ у той жа дзень, 29 студзеня беларусы стварылі петыцыю ў абарону бел-чырвона-белага сцяга. Да 5 лютага пад ёю падпісалася больш за 100 тысяч чалавек — у 1000 разоў больш, чым тых, хто называў БЧБ-сцяг «экстрэмісцкім».
Цяпер цікавае пытанне: што будзе з «пакетам дакументаў», якія «рыхтавала Генпракуратура» па пытанні сімволікі?