Марзалюк: Планам падрыхтоўкі законапраектаў праект аб прызнанні БЧБ-сцяга экстрэмісцкім не прадугледжаны

Старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк публічна адказаў на зварот студэнтаў і выкладчыкаў БДУ ў абарону бел-чырвона-белага сцяга. Выступ Марзалюка з’явіўся на тэлеканале СТБ.

wx1080_25.webp


Дэпутат паведаміў, што ён сам і яго камісія рыхтавалі адказ на гэты зварот, піша «Еўрарадыё».

Падпісанты звароту заяўлялі, што прызнаваць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім — недапушчальна. На гэта Марзалюк адказаў, што Палата прадстаўнікоў можа разгледзець зварот па важных грамадска-палітычных або сацыяльна-эканамічных пытаннях, калі яны аформленыя ў адпаведнасці з працэдурай.

Гэта значыць, што падаць іх павінен прэзідэнт, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, урад. З ініцыятывай могуць выступіць і грамадзяне — трэба толькі сабраць не менш за 50 тысяч подпісаў выбарцаў.

«Так што, калі ласка, дзейнічайце ў адпаведнасці з законам. Збярыце 50 тысяч галасоў. Будзем разглядаць», — заявіў Марзалюк.

Нагадаем, што петыцыя ў абарону бел-чырвона-белага сцяга за некалькі дзён набрала 103 тысяч подпісаў.

Таксама студэнты і выкладчыкі БДУ прасілі спыніць падрыхтоўку законапраектаў аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. Пра такую падрыхтоўку раней паведамляла Генпракуратура.

«Даводжу да ўсіх. Планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год, зацверджаным указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2021 №2, распрацоўка такога заканадаўчага акта не прадугледжана», — запэўніў Марзалюк.

Пры гэтым ён прызнаў, што такі законапраект можа быць унесены іншымі дзяржаўнымі органамі — і тады ён будзе разглядацца.