Памёр мастак Віктар Маркавец
18 верасня не стала аднаго з класічных мастакоў беларускай сучаснасці. У Віктара Маркаўца была анкалогія. 66-гадовы мастак згас за месяц ад вострай лейкеміі. Лейкемію выклікала прафесійная хвароба — атручванне феноламі.
Віктар Маркавец у майстэрні. 1980-я. Фота Анатоля Клешчука.
Віктар Маркавец быў вучнем славутага Ахрэмчыка, сябрам Саюза мастакоў ад 1977, выкладчыкам Акадэміі мастацтваў — з яго курсу выйшлі вядомыя сёння
мастакі і пісьменнікі. Разам з Марачкіным, Караткевічам, Чарняўскім ён браў удзел у дысідэнцкай групе беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку», у часы незалежнасці належаў да
незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня».
«Мне дактары сказалі, што гэта хвароба, якая часта сустракаецца ў мастакоў і маляроў, — кажа сябар мастака Алесь Пушкін. — Віктар Пятровіч рэстаўраваў царкву ў Докшыцах, і атруціўся фарбамі, дакладней феноламі. Я быў у ягонай палаце яшчэ ўчора, трымаў яго за руку.
Віктар Маркавец той чалавек, які сціпла, па-за медыйнай прасторай, рабіў сапраўдную беларускую справу. Мы пазнаёміліся ў 1983 годзе, тады Маркавец і Алесь Марачкін для нас, дзесяцікласнікаў, сталі сапраўднымі аўтарытэтамі. Менавіта тады я ўбачыў ягоныя распісныя дываны. Апошняя ягоная выстава была на 20-годдзі суполкі «Пагоня», ён выставіў велізарны краявід, надзвычай прыгожы. Я вельмі абрадваўся, што Віктар Пятровіч ізноў пачаў пісаць.
Апошнія гады ён займаўся аздабленнем дзвярэй, шафаў, ладзіў выставы ў фальварку «Добрыя мыслі». Спадар Маркавец разам з жонкай стварылі ў «Добрых мыслях» сапраўды сямейную атмасферу, выстава там у 2011 годзе стала найлепшай маёй выставай за апошнія гады.
Я лічу, што галоўнае цяпер — працягнуць ягоныя няскончаныя праекты: маляваць беларускую Вільню, напрыклад. Каб фарба на палітры Віктара Маркаўца ніколі не засохла».
«Ён стварыў сапраўды геніяльную карціну «Свята ў Докшыцах», — кажа вучань мастака Адам Глобус. — За савецкім часам мастакі малявалі свята на заводзе ці ваенны парад. Гэта ўсё было, але ўласна свята ў гэтых карцінах не было. А Віктар Маркавец паказаў, што звычайнае свята ў мястэчку можа мець велізарную колькасць святла, быць сапраўдным святам. Проста танец у мястэчку. Шкада, што спадара Віктара болей з намі няма».