Палітзняволеных мужа і жонку восьмы раз запар пакаралі суткамі — за экстрэмізм у прыватнай перапісцы

Суддзя падчас суду сама шукала доказы віны.

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч павінны былі выйсці на волю 22 і 23 кастрычніка — пасля амаль 100 сутак на Акрэсціна. Сёння над імі прайшлі чарговыя суды па арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»), паведамляюць праваабаронцы.

У Ленінскім РУУСе на мужа і жонку бесперапынна працягваюць складаць пратаколы за перасыл адно аднаму навін з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі.

21 кастрычніка справы Сяргея і Анастасіі разглядзела суддзя Таццяна Шоцік. Не ўлічыўшы ўсе памылкі ў матэрыялах справы, суддзя зноў арыштавала Сяргея і Анастасію на 13 сутак кожнага. Муж і жонка агулам правядуць на Акрэсціна 112 і 111 сутак адпаведна. Нягледзячы на тое, што яны амаль чатыры месяц будуць за кратамі ў нечалавечых умовах, ім давядзецца сплаціць вялізарныя грошы за харчаванне ў ЦІПе. Калі адзін дзень на Акрэсціна каштуе 14 рублёў і 50 капеек, то кожны з іх мусіць выплаціць больш за 1 600 рублёў.