Палітвязні будуць шыць форму для паліцыі Манголіі?

Як паведамляецца, прадпрыемствы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС «гатовыя вырабіць для праваахоўнікаў Манголіі формавае адзеньне, абутак, спэцыяльны рыштунак».

kalonija_4.webp

Падчас сустрэчы з намесьніцый міністра юстыцыі і ўнутраных справаў Манголіі Баярсайхан Солангоо кіраўнік лукашэнкаўскага МУС Іван Кубракоў падкрэсьліў «патэнцыял для разьвіцьця ўзаемадзеяньня ў розных сфэрах, у тым ліку ў вырашэньні задачаў падтрыманьня міру, бясьпекі і правапарадку», — піша «Свабода».

Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.

Як паведамляецца, прадпрыемствы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС «гатовыя вырабіць для праваахоўнікаў Манголіі формавае адзеньне, абутак, спэцыяльны рыштунак».

«МУС Беларусі адкрытае для ўзаемадзеяньня ў шырокім спэктры пытаньняў», — заявіў Кубракоў.

Кубракоў знаходзіцца ў Манголіі ў рамках візыту ў гэтую краіну Лукашэнкі. Візыт праходзіць 1–4 чэрвеня, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Глядзіце таксама

Былыя палітзьняволеныя, у асноўным жанчыны, пасьля вызваленьня ня раз паведамлялі, што ў беларускіх папраўчых установах наладжаная вытворчасьць формавага адзеньня для сілавых ведамстваў Беларусі.

«Падзеі, якія адбываюцца ў сьвеце, пацьвярджаюць, што асаблівую ўвагу неабходна надаваць супрацьдзеяньню ўсім відам і формам злачыннасьці, супрацоўніцтву ў праваахоўных пытаньнях паміж краінамі. Пасьпяхова супрацьстаяць сучасным выклікам і пагрозам магчыма толькі разам», — сказаў Кубракоў у Манголіі.

МУС Лукашэнкі, паводле яго, зацікаўленае ў разьвіцьці супрацоўніцтва з мангольскім праваахоўным ведамствам у шэрагу кірункаў: бясьпека дарожнага руху, паляпшэньне праўнага становішча грамадзян дзьвюх краін, устанаўленьне практычных кантактаў і абмен перадавым досьведам, у тым ліку ў навучаньні спэцыялістаў.

Глядзіце таксама

Кубракоў таксама зьвярнуў увагу на «пэрспэктыўнасьць узаемадзеяньня ў маштабах міжнародных арганізацыяў, такіх як Нарада міністраў унутраных справаў і грамадзкай бясьпекі дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва». У рамках гэтай арганізацыі, як сьцьвярджаецца, прымаюцца «эфэктыўныя захады для супрацьдзеяньня транснацыянальнай злачыннасьці і ўмацаваньня калектыўнай бясьпекі».

«Мы маем выпрацаваную сыстэму падрыхтоўкі замежных праваахоўнікаў і гатовыя аказаць усялякае спрыяньне ў навучаньні мангольскіх паліцыянтаў. Гэта можа быць арганізацыя кароткатэрміновых курсаў на базе Акадэміі МУС, павышэньне кваліфікацыі ў міжнародным навучальным цэнтры сталічнай міліцэйскай ВНУ», — дадаў чалавек, асабіста датычны да масавых рэпрэсій у Беларусі.