Хронікі рэпрэсій за 3 чэрвеня: з БДУ за пратэсты звольнена каля 50 выкладчыкаў і адлічана каля 140 студэнтаў

Узровень рэпрэсій у Беларусі не зніжаецца: штодзень працягваюцца затрыманні і звальненні з працы. Публікуем хроніку пераследу за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_1__logo_1_logo_1_1_1_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1299 дзён, Дзяніс — 1179.

***

Сілавікі затрымалі выкладчыка БДУ, відэа з ім апублікаваў праўладны канал.

«Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Алег Насань. У 2020 годзе ён падпісаў зварот выкладчыкаў і супрацоўнікаў механіка-матэматычнага факультэта БДУ «супраць хлусні, гвалту і беззаконня».

На відэа затрыманы кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія каналы», звяртаўся ў бот праекта «Чорная кніга Беларусі» і «падтрымліваў апазіцыю».

Як пішуць аўтары праўладнага канала, затрыманы выкладчык не «зліваў» чые-небудзь звесткі ў «ЧКБ», а наадварот, прасіў прыбраць адтуль «незаслужана ўключанага» калегу. Апошняга сілавікі абяцаюць «праверыць».

Па якім артыкуле затрыманы Алег Насань і што з ім цяпер — невядома.

***

Акцёра Кірыла Алахвердзяна затрымалі за супрацу з незалежным СМІ, паведамляе «Вясна».

Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса) праз тое, што ён здымаўся ў міліцэйскай форме ў роліках «Belsat». 

***

У Брэсце па трох артыкулах КК судзяць журналістку Алену Цімашчук. Яе абвінавачваюць паводле арт.369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»), ч.3 арт.130 КК («Распальванне варожасці») і ч.3 арт.361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім»). Пра гэта паведамляе БАЖ.

Алена Цімашчук працавала ў дзяржгазеце «Брэсцкі веснік» і тэлерадыёкампаніі «Брэст». Таксама раней як фрылансерка супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», «Віртуальны Брэст» і «Брэсцкі зялёны партал».

Падчас працы з незалежнымі выданнямі Цімашчук не рыхтавала публікацыі на палітычныя тэмы. Што стала прычынай для крымінальнага пераследу журналісткі — невядома.

***

З сайта Рэспубліканскай калегіі адвакатаў зніклі прозвішчы 15 чалавек, пра гэта піша праект «Права на абарону».

Прозвішчы адвакатаў прыбралі з сайта ў перыяд з 28 лютага па 26 мая 2024 года. 28 лютага 2024 года ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні адвакатаў. Як піша «Права на абарону», дакладная колькасць затрыманых і прычыны застаюцца невядомымі, аднак праваабаронцы называлі лічбу ў 12 адвакатаў. Большасць з тых, каго затрымалі, былі неўзабаве адпушчаныя на волю.

***

Затрыманы вартаўнік мсціслаўскага будаўнічага каледжа Станіслаў Сцепчанкоў, паведамляюць праваабаронцы.

На «пакаяльным відэа» мужчыну прымусілі сказаць, што ён распаўсюджваў «экстрэмісцкія» і «нацысцкія» матэрыялы, а таксама прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».

***

20 мая суд Аршанскага раёна і Оршы аштрафаваў на 400 рублёў Святлану Раўкоўскую — кіраўніцу цыркавой студыі «Фантазёры». Яе абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП), піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».

Паводле пратаколу, супрацоўнік ГУБАЗіКа выявіў у Фэйсбуку жанчыны фотаздымкі з лагатыпам «Белсат».

У 2020 годзе пра Раўкоўскую пісала газета «Беларусь сёння». Тады яе звольнілі з мясцовага цэнтра культуры — і жанчына спрабавала адстаяць месца для заняткаў з дзецьмі.

***

З 9 жніўня 2020 года да 27 ліпеня 2023 года ў БДУ праз удзел у пратэстах звольнілі 50 выкладчыкаў і адлічылі 140 студэнтаў, паведамляюць «Кіберпартызаны».

Такая колькасць звольненых і адлічаных пазначана ў апублікаваным лісце на імя пракурора Маскоўскага раёна Мінска.

Актывісты таксама апублікавалі аўдыёзапіс, на якім рэктар БДУ Андрэй Кароль кажа, што за тры гады праз палітыку былі спыненыя працоўныя адносіны з 500 работнікамі.

«Кіберпартызаны» атакавалі ўнутраную сетку ўніверсітэта і выпампавалі больш за тры тэрабайты інфармацыі, сярод якой — унутраныя дакументы, перапіскі і дакладныя запіскі.

Таксама «Кіберпартызаны» апублікавалі фота запыту з ГУБАЗіКа, дзе рэктара Андрэя Караля просяць не дапусціць паступлення абітурыента Рамана Качыну, які ўдзельнічаў у пратэстах, на журфак БДУ.

У сакавіку намеснік начальніка УУС Мінскага аблвыканкама Сяргей Карась паведаміў, што больш за 130 студэнтаў і выкладчыкаў з БНТУ аказаліся «ўцягнутымі ў экстрэмісцкую дзейнасць» у 2020-м і наступных гадах.

***

Суд Жыткавіцкага раёна 24 траўня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прадмову Язэпа Янушкевіча да збора твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што двухтомнік Дуніна-Марцінкевіча быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў лістападзе 2023 года тым жа судом Жыткавіцкага раёна. Пазней рашэнне раённага суда адмяніў прэзідыум Гомельскага абласнога суда 11 сакавіка 2024 года.

Цяпер гэты самы двухтомнік беларускага класіка зноў з'явіўся ў адпаведным спісе на сайце Мінінфарма — аднак гэтым разам «экстрэмісцкай» прызнаная толькі прадмова да яго.

***

Суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» адзін допіс у тэлеграм-канале «Belsat» — гэта допіс пра тое, як мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр падтрымлівае вайну з Украінай.

Раней «Belsat» быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем», а яго сацсеткі дадаткова — «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты: «МОВА ТУТ», «Mikałaj Łukašenka Ž # КрывiяТг», «ШапитоДичь», «Народный репортер»;
  • Youtube-каналы: «БелДиаспораТВ», «Belarusian Americans Org»;
  • Facebook-старонкі: «Беларускi нацыянальны кангрэс», «Сергей Петрухин»;
  • Старонка ў «ВКонтакте»: «NEXTA Белоруссия 97%. Поддержка. Помощь»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках»: «Новости Беларуси от Reform.nеws», «Сяргей Пятрухiн»;
  • Instagram-старонка: «kaciaberlin»;

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 487 дзён, Максіма Знака — 482 дні, Мікалая Статкевіча — 478 дзён, Ігара Лосіка — 470 дзён, Віктара Бабарыкі — 407 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 337 дзён, Уладзіміра Гундара — 304 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1395 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1548 чалавек. Сярод іх — 187 жанчын і 2 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.