Палацава-паркавы ансамбль у Высокім адновяць на грошы Еўрасаюза
Еўрасаюз выдзеліў грант на рэстаўрацыю парку.
У лютым-сакавіку наступнага года ў Высокім павінны пачацца работы па рэстаўрацыі старога парку. Фінансаванне работ будзе весціся за кошт сродкаў Еўрапейскага саюза і ўласных сродкаў
прадпрыемства «Камянецкае ЖКГ». Кошт работ па аб'екце «Рэстаўрацыя парку гісторыка-культурнай каштоўнасці — палацава-паркавага ансамбля ў г.
Высокае» складае каля 5,7 млрд рублёў. З іх крыху больш за 5 млрд прыпадае на еўрапейскі грант.
Некалькі гадоў Камянецкі раён спрабаваў удзельнічаць у конкурсе праектаў ЕС на атрыманне гранта ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча—Беларусь—Украіна па
праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі, але поспех напаткаў толькі ў гэтым годзе. Прычым адразу па трох праектах, два з якіх рэалізуюцца ў Высокім і адзін — у Камянцы. Гаворка ідзе аб
будаўніцтве ў Камянцы новых ачышчальных збудаванняў поўнага цыклу ачысткі, аб пракладцы каналізацыйных сетак у старой частцы Высокага і аб рэканструкцыі старажытнага парку, закладзенага ў першай
палове XVIII стагоддзя Міхаілам Сапегам.
Парк напраўду добры — нават цяпер. А ўжо ў канцы XIX стагоддзя, пасля перапланіроўкі, распачатай тагачаснай уладальніцай маёнтка графіняй Пелагеяй Патоцкай, ён, мяркуючы
па апісаннях у дакументах таго часу, быў проста шыкоўны. Каб надаць парку новае жыццё і новы шарм, Потоцкая запрасіла Валяр'яна Кроненберга — вельмі вядомага і моднага ў той час
архітэктара і спецыяліста ў галіне паркабудавання. Кроненберг гарманічна ўпісаў у агульны ансамбль руіны старога замка і Замкавы вал, папоўніў калекцыю рэдкіх дрэў і нязначна змяніў агульную
планіровачную кампазіцыю. Дзякуючы яму, парк стаў, як пішуць у даведніках, «адным з самых маляўнічых і найбольш эмацыйна насычаным у краіне». Сляды мінулага хараства бачныя да
гэтага часу, хоць парк запушчаны і здзічэлы. Каб прывесці яго ў парадак, каб адпавядаць паняццю «гісторыка-культурная каштоўнасць», патрабаваліся сур'ёзныя ўкладанні сродкаў,
якімі Камянецкі раён не валодаў. І вось цяпер грошы з'явіліся.
nn.by