Не стала аўтара «Суднага дня Скарыны» і «Кургання»
Сёння, 2 сакавіка, у Мінску памёр славуты слонімскі літаратар, доктар філалагічных навук, аўтар вядомых драматычных паэм “Судны дзень Скарыны” і “Курганне. Крэва” Мікола Арочка.
Мікола Арочка
Лёс не па добрай волі загнаў Міколу Арочку ў родную вёску. На мясцовым пагосце пахаваны два яго сыны, таму Арочкі вярнуліся да сыноў, да землякоў, на Бацькаўшчыну. Там і жылі, трымалі курэй, свіней, коз. Займаліся гаспадаркай, а ў вольны час Мікола Арочка пісаў.
Першы зборнік вершаў Міколы Арочкі, 1958 г.
Я там часта бываў, размаўляў з гэтым мудрым, таленавітым і цікавым чалавекам. Працаваў ён спачатку ў часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі», у газеце «Літаратура і мастацтва». З 1966 года быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі. Напісаў і выдаў дзесяткі кніг паэзіі і прозы, літаратуразнаўчых даследаванняў, крытыкі, перакладаў. Важкім дасягненнем беларускай літаратуры сталі яго драматызаваныя гістарычныя паэмы “Судны дзень Скарыны", “Крэва", "Курганне", “Каранацыя Мендаўга".
У роднай вёсцы
З унукам Валерыкам, 1990-я гады
У апошні час 82-гадовы Мікола Арочка моцна хварэў, таму яго з жонкай Марыяй Іванаўнай забраў у Мінск унук. Там ён і памёр. Пахаваюць Міколу Арочку каля сыноў на могілках у вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна.
Рэдакцыя НЧ выказвае шчырыя спачуванні родным Мікалая Мікалаевіча Арочкі