Не «недаказанасць удзелу ў злачынстве», а «адсутнасць складу злачынства»
Атрымаўшы афіцыйную паперу са Следчага камітэта, Андрэй Пачобут удакладняе фармулёўку спынення сваёй крымінальнай справы.
15 сакавіка інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на прадстаўніка Упраўлення Следчага камітэта (УСК) па Гродзенскай вобласці Сяргея Шаршаневічапаведамілі, што справа спынена «ў сувязі з недаказанасцю ўдзелу абвінавачанага ва ўчыненні злачынства».
Між тым, у афіцыйным лісце ад следчага па асабліва важных справах УСК Арсеня Нікольскага гаворыцца, што «дадзеная крымінальная справа спынена на падставе п.2 ч.1 арт. 29 КПК РБ (адсутнасць у дзеяннях складу злачынства).
“Пагадзіцеся, істотная розніца, — піша Андрэй Пачобут у сваім Фэйсбуку. — То бок, як вынікае з рашэння Следчага камітэта, ніякага злачынства наогул не было...”
Паводле паслання, справу аднавілі і спынілі ў адзін і той жа дзень — 15 сакавіка. Нагадаем, што следства было прыпынена з лістапада на час правядзення дадатковай лінгвістычнай экспертызы.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"