«Не прадугледжаны па штаце». Жыхары сельскай мясцовасці застануцца без педыятра
І дарослых, і дзяцей на сяле будуць прымаць лекары агульнай практыкі. Каб трапіць да педыятра, прыйдзецца ехаць у райцэнтр.
Жыхар аграгарадка Моталь Іванаўскага раёна Аляксей устрывожаны тым, што ў мясцовай амбулаторыі не будзе лекара-педыятра. Даведаўся ён пра гэта выпадкова.
Дзеці і дарослыя ў адной чарзе
«Дзіця ад школы летам едзе ў Англію, і нам трэба было сабраць сякія-такія даведкі, у тым ліку і медыцынскую, — распавёў «БГ» шматдзетны бацька. — Заходжу ў амбулаторыю, пытаюся, хто вядзе прыём, а мне адказваюць, маўляў, няма ўжо тут дзіцячага доктара. І тут заходзіць лекар Вера Іванаўна, якая раней вяла прыём дзяцей. Яна мне і паведаміла, што яе папрасілі напісаць заяву на перавод у амбулаторыю іншай вёскі. Наўзамен нікога не прызначылі. Няўжо дзеткі, якіх у Моталі больш за 800, цяпер будуць чакаць прыёму ў агульнай чарзе з дарослымі?»
Па словах Аляксея, ён самастойна звяртаўся ў Іванаўскую цэнтральную раённую бальніцу, каб даведацца, што адбываецца. Яму адказалі, што зараз паўсюдна ўводзяцца лекары агульнай практыкі. На прапанову мужчыны вылучыць асобную стаўку лекара для прыёму дзяцей яго нават слухаць не захацелі.
«Матаць з дзецьмі за 25 кіламетраў у райцэнтр — гэта занадта!» — абураўся Аляксей.
А ў савецкія часы педыятр быў
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Іванаўскай ЦРБ Святлана Лебядзеўская патлумачыла, што перавод амбулаторый на працу па агульнаўрачэбнай практыцы вядзецца па ўсёй рэспубліцы. Спачатку ў сельскай мясцовасці, а затым і ў гарадах. Маўляў, таму ў Моталі «не дазволяць не пераходзіць на працу па метадзе ўрача агульнай практыкі». Бо гэта прадугледжана дзяржпраграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016 — 2020 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў. Лекар агульнай практыкі аказвае меддапамогу насельніцтву па-за залежнасцю ад узросту пацыента.
У Моталі пражываюць крыху больш за 3 400 чалавек, а па нарматыве на аднаго ўрача агульнай практыкі прыпадае 1 300, адзначыла Лебядзеўская. У мясцовай амбулаторыі, па яе словах, прымаць пацыентаў будуць тры ўрача агульнай практыкі. Адзін атрымаў спецыяльнасць ўрача агульнай практыкі пасля заканчэння інтэрнатуры. Два іншых прайшлі спецыяльную перападрыхтоўку на працягу чатырох месяцаў на базе БелМАПА.
«Цяпер нам ніхто не дасць лішнія штаты, — лічыць Святлана Лебядзеўская. — Але мы ідзем насустрач насельніцтву аграгарадка, і два разы на месяц там вядуць прыём педыятр і акушэр-гінеколаг. Яны ў савецкія часы працавалі, а па цяперашніх нарматыўным дакументам сталі не прадугледжанымі. Але ўсё ж выязныя метады аказання медыцынскай дапамогі пакуль не адменены».
Педыятр на вёсцы - гэта ўжо нерэальна
У канцы мінулага года «БГ» ужо пісала пра медыцынскае абслугоўванне насельніцтва Моталя. Падставай была інфармацыя пра закрыццё мясцовай участковай бальніцы. Аднак тады галоўны ўрач Іванаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Юрый Ільюшчанка запэўніў, што ўчастковую бальніцу ліквідаваць не збіраюцца. А што тычыцца педыятра, то яго абавязкі выконвае лекар агульнай практыкі (тая самая, якую цяпер перавялі ў іншую амбулаторыю - заўв. аўт.). А на наступны год ЦРБ пададзена заяўка на 2 спецыялістаў па педыятрыі, адзін з іх — на Моталь. Атрымліваецца, за нейкіх паўгады сітуацыя змянілася кардынальна?
«Справа ў тым, што ў амбулаторыі ўрача агульнай практыкі педыятр ня прадугледжаны па штаце, — патлумачыла замгалоўурача. — Мы заказвалі педыятра, таму што думалі, што зможам яго адстаяць. Але цяпер стала зразумела: калі ў штаце педыятра няма, значыць адстаяць яго не атрымаецца».
Маленькія жыхары Моталя не застануцца без медыцынскай дапамогі. «Будзем ўсталёўваць, што з такога па такі час лекар агульнай практыкі прымае толькі дзяцей, — адзначыла Лебядзеўская. — Гарадскому насельніцтву прасцей, у райцэнтры педыятры застаюцца».
Па словах намесніка галоўнага лекара, калі Мотальскія амбулаторыя пачне працаваць па-новаму, залежыць і ад настрою насельніцтва, а народ там патрабавальны. Але ў Іванаўскім раёне 14 сельскіх амбулаторый, і ўсе яны працуюць як амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, у якіх педыятраў няма.
«Галоўны лекар зараз на курсах, а калі вернецца, мы будзем сустракацца з жыхарамі аграгарадка, шукаць кампрамісы. Але адразу скажу, тое, што ў сельскай амбулаторыі будзе педыятр, — гэта ўжо нерэальна», - адзначыла Святлана Лебядзеўская.
Паводле b-g.by