Наваполацкія актывісты аргкамітэта па стварэнні БХД падалі заяўку на пікет, прысвечаны гадавіне прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Наваполацкія актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" падалі ў гарвыканкам заяўку на пікет, прысвечаны другой гадавіне прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Пра гэта паведамляе прэс-служба аргкамітэта.

 



thumbnail_1354015591.jpg

Згодна з заяўкай, мэта пікета — падтрымка палітычных зняволеных, якія цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Пікет плануецца правесці 19 снежня. Меркаваная колькасць удзельнікаў — 10 чалавек. Заяўка была пададзена 26 лістапада.
Варта адзначыць, што Аб'яднаная грамадзянская партыя заяўляла пра намеры правесці 19 снежня больш як сто пікетаў па ўсёй краіне для інфармавання насельніцтва аб магчымай непразрыстай прыватызацыі буйных прадпрыемстваў. Лідар АГП Анатоль Лябедзька 27 лістапада на прэс-канферэнцыі паведаміў, што заяўкі на пікеты ўжо падаюцца. "Аднак мы яшчэ не ведаем вынікаў, і толькі ў пачатку наступнага тыдня будзем падводзіць вынікі — колькі заяў на гэтыя пікеты па краіне пададзена", — паведаміў ён.

Сяргей Пульша, БелаПАН