Настаўнікі-эмігранты адкрылі ў Вільні беларускую школу
У Вільні адкрылася першая ў Літве прыватная беларуская школа і дзіцячы садок, дзе дзеці могуць займацца на рускай і беларускай мовах, піша «Свабода».
За апошні год дзясяткі кампаній пераехалі з Беларусі ў
Літву і перавезлі сваіх супрацоўнікаў разам з сем’ямі. Але ў большасці
палітычных эмігрантаў грошай на аплату такой школы не хапае.
У будынку школы яшчэ не да канца скончыўся рамонт. Набор
вучняў толькі пачаўся — класы яшчэ не запоўненыя. Зараз праводзяцца толькі
першыя пробныя заняткі. Але выкладчыцкі склад у поўнай гатоўнасці. Амаль усе
настаўнікі, якія працуюць у гэтай школе — грамадзяне Беларусі, якія былі
вымушаныя пакінуць краіну на працягу апошняга года.
Завуч Ілля Ясінскі ў Мінску працаваў у тэатры. У траўні
гэтага года ён быў вымушаны ўцячы ў Літву — перайшоў мяжу пешшу, праз лес.
«Тут адчуваецца бяспека, адчуваецца, што шмат усяго людзі
робяць для людзей. Гэта дае сілу, энергію, натхненне. Калі ў Беларусі
пастаянна адчуваецца цяжар грузу зверху, цябе спрабуюць размазаць, любая твая
ініцыятыва павінна прайсці максімальную колькасць супраціву, каб нешта
адбылося, то тут наадварот, адчуванне адчыненых дзвярэй», — кажа Ясінскі.
У Беларусі на Іллю заведзеная крымінальная справа за
арганізацыю масавых беспарадкаў. Гэтую працу ў школе Ілля называе вялікім
поспехам, не ўсім палітычным уцекачам так шанцуе. За апошні год у Літву з Беларусі пераехалі дзясяткі кампаній, асабліва ў ІТ-сферы. Гэтая школа
арыентавана на семʼі тых, хто пераехаў нядаўна.
«Пытанне досыць сурʼёзнае. Чым старэйшыя дзеці, тым больш
складана. Адаптацыя дзяцей да школы, пошук сацыяльнага асяродку, каб адчуваць
сябе камфортна і ў сваёй талерцы», — адзначае дырэктар школы Алена Саўко.
Гэта прыватная школа, навучанне тут платнае — каштуе каля
пяці тысяч еўра ў год. Гэта сярэдняя цана на рынку. Але, дырэктар настойвае,
што гэта і сацыяльны бізнес. Паралельна з людзьмі, якія пераехалі ў Літву па
працы, у Вільні ёсць вялікая грамада палітычных уцекачоў. І ў большасці такіх
уцекачоў няма працы або дастатковых назапашванняў, каб аддаць дзяцей у
прыватную беларускую школу.
«Нам бы вельмі хацелася знайсці стыпендыі, і мы ў пошуку
стыпендый і фондаў. Таму, што на дадзены момант мы не можам самі заснаваць
стыпендыі, у нас пакуль занадта мала дзяцей, каб мы маглі дазволіць сабе гэта,
але ў перспектыве, вядома, як толькі мы пачнем атрымліваць даход, мы вылучым
стыпендыі для дзяцей уцекачоў», — працягвае Алена Саўко.
Стыпендыі для дзяцей уцекачоў будуць залежаць ад таго,
наколькі будзе паспяховым платны набор. Цяпер гэтая ж беларуская прыватная
школа працуе і ў Мінску. У Вільні гэта філіял, а заадно і пляцоўка на выпадак,
калі школа ў Мінску не зможа працягваць працу.