«Нацыянальны строй у васількі». Беларуска перамагла на сусветным конкурсе мадэляў у Дубаі
«Цешуся, што ў 23 гады я дасягнула такога ўзроўню, што можна ўжо на пенсію пайсці», — цалкам сур'ёзна, але са смехам кажа мадэль Анжаліка Кузьмянок з Магілёва. На днях дзяўчына перамагла ў фінале Міжнароднага конкурсу Miss Model of the World, які праходзіў у Дубаі (ААЭ).
Аб сваім жыцці,
мары, працы, удзеле ў конкурсах прыгажосці і перамозе ў апошнім для мадэляў Анжаліка распавяла блогу «Отражение».
У мадэльны
бізнэс Анжаліка Кузьмянок прыйшла ў 14 гадоў — спачатку ў родным горадзе, а потым
заключыла кантракт з профільным агенцтвам у Маскве. З тых часоў дзяўчына
працавала мадэллю, аб'ездзіла больш за 30 краін свету і размаўляе на сямі
мовах.
— Мая самая
вялікая мара была — перамагчы ў конкурсе прыгажосці. Першую спробу я распачала
ў 16 гадоў. Гэта быў мясцовы конкурс прыгажосці ў Магілёве, на якім мне
заявілі, што шанцаў перамагчы ў мяне няма, маўляў, знешнасць не падыходзіць, —
успамінае Анжаліка пра пачатак сваёй кар'еры.
Потым было яшчэ
шмат конкурсаў, міжнародных і нацыянальных: дзяўчыну заўважалі, але пераможцай
з іх яна не выходзіла.
Мадэлінг Анжаліка
сумяшчала з вучобай у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, дзе атрымлівала
прафесію юрыста. ВНУ яна скончыла, але па спецыяльнасці працаваць не стала —
кодэксам і нарматывам аддала перавагу здымкам і дэфіле па подыуме.
У 2019 годзе на
адным з модных паказаў у Кітаі да Анжалікі падышла арганізатар Міжнароднага
конкурсу Miss Model of the World і прапанавала прадстаўляць на мерапрыемстве
Беларусь. На жаль, з-за кавідных абмежаванняў скарыстацца прапановай
магіляўчанка змагла толькі ў 2022-м.
— Гэты конкурс
выключна для мадэляў, звычайная дзяўчынка, у якой няма партфоліа, не зможа туды
патрапіць. Прычым, прыгажосць — гэта не галоўны паказчык, па якім ацэньваюць
удзельніц. Важна тое, што ты з сябе прадстаўляеш як мадэль: як дэфіліруеш,
змяняеш пазіцыю і многае іншае, — патлумачыла Анжаліка.
Для конкурсу
беларусцы прыйшлося схуднець на тры кілаграмы, і на фінал у Дубаі, які
праходзіў з 3 па 12 студзеня, яна прыехала з параметрамі 88-59-90, пры росце
180 см і вазе 58 кг. Разам з ёй за карону пераможцы спаборнічалі яшчэ 24
удзельніцы з розных краін.
— Складана было
тое, што дзень быў вельмі запоўнены: ранні пад'ём, увесь дзень рэпетыцыі,
здымкі, інтэрв'ю. Пры гэтым кармілі нас такімі дыетычнымі стравамі, што есці вельмі хацелася. Удзельніца з Італіі, з якой я кантактавала, нават плакала, што
хоча нарэшце з'есці піцу або пасту. А яшчэ нас вельмі бераглі ад кавіду: усюды
ў масках, кожны дзень здавалі тэсты.
Затое Анжаліцы
было камфортна таму, што ўдзельніцам трэба было дэманстраваць свае ўменні як
мадэляў, а наша зямлячка ў гэтым была як рыба ў вадзе — бо за плячыма восем
гадоў у мадэльным бізнесе.
— Макіяж і
ўкладку я рабіла сама, а яшчэ іншым дзяўчынкам дапамагала. Вячэрні строй у мяне
быў дзякуючы спонсарам з Турцыі, а нацыянальны, у васількі, я рабіла разам з
мамай. А вось выхаду ў купальніках не было — усё ж арабская краіна. У
беларускіх дзяржведамствах не ведалі, што я буду прымаць удзел у конкурсе — я
сама не паведамляла, дапамогі не прасіла.
На конкурсе
Анжаліка пасябравала з рускамоўнымі дзяўчатамі — з Эстоніі, Грэцыі, Расіі.
Беларуска кажа, што з імі было ўтульна і цёпла, не адчувалася фанабэрыстасці і
суперніцтва за карону, як гэта было з удзельніцамі з Амерыкі, некаторых краін
Еўропы.
— Прадстаўнікі з
Беларусі і раней бралі ўдзел у конкурсе, але ў пяцёрку не ўваходзілі. І тут на
апошнім этапе я ўсведамляю, што я ў топ-5. Думала тады, ну не дадуць жа мне
першае месца. Але мяне абвясцілі пераможцай!
Анжаліка
ўспамінае, што калі пачула гэта, у яе задрыжалі рукі, а пасля яна не змагла стрымаць
слёзы — спраўдзілася яе дзіцячая мара. Пра перамогу яна адразу паведаміла
свайму хлопцу і маме. У якасці ўзнагароды падарылі карону, скіпетр і грашовую
прэмію. Таксама ёй паабяцалі даць магчымасць заключыць кантракт на працу мадэлі
з якім-небудзь брэндам.
— Некаторыя ўмовы
мне таксама трэба выконваць: год нельга выходзіць замуж і абзаводзіцца дзецьмі.
Зараз усе канкурсанткі ўжо з'ехалі, а застаюся ў Дубаі — працягваю даваць
інтэрв'ю па некалькі разоў на дзень.
Калі планы не зменяцца, то ў найбліжэйшы час Анжаліка з'едзе ў Італію — там цяпер яна жыве і нават адкрыла школу мадэляў. Дзяўчына кажа, што ў прафесійным плане, як мадэль, яна ўжо адбылася, таму «можна выходзіць на пенсію».