На Гомельшчыне заяўлены акцыі супраць пераследу Фядыніча і Комліка
Актывісты Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці ў Мазыры, Жлобіне, Калінкавічах, Уваравічах і Рэчыцы сёння падалі заяўкі ў на правядзенне ў райцэнтрах акцый з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед лідараў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Акцыі пройдуць з 27 жніўня па 3 верасня ў форме пікетаў. На 27 жніўня пікет у Добрушы заявіў прафсаюзны актывіст Адам Варанец.
Заяўнік пікету ў пасёлку Уваравічы Аляксандр Бераснеў адзначыў, што ўлады пачалі маштабную акцыю па ліквідацыі незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі.
«Супраць лідараў нашага прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комлік беспадстаўна распачатыя крымінальныя справы па нібыта нясплаце падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры, накладзены арышт на прафсаюзны офіс. Зараз прафсаюзу як ніколі важная і патрэбная салідарная падтрымка», — заявіў актывіст.
Сёння стала вядома, што абвінавачванне па артыкуле 243, частцы 2 ( «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры») прад'яўлена і Генадзю Фядынічу, яму, як і Ігару Комлік пагражае пакаранне ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.
У падтрымку прафсаюзных лідараў выступілі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 3 жніўня прызналі Ігара Комліка палітвязням.
Паводле Гомельскай вясны