Добра не будзе
Улада стварае падставы для «гарачай восені». Яе зацікаўленасць незалежнымі прафсаюзамі зразумелая: менавіта прафсаюзы актывізаваліся падчас вясновых «антыдармаедскіх пратэстаў».
Як вядома, праваахоўныя органы правялі ператрусы ў офісах двух незалежных прафсаюзаў — Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) у Салігорску і радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Мінску. Пад раздачу патрапілі кіраўнік РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік.
Паводле Камітэта дзяржкантролю, Фядыніч і Комлік адкрылі ў замежных банках рахункі, з якіх не сплачвалі падаткі. Супраць іх распачата крымінальная справа па нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.
Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Комлік застаецца за кратамі. Іронія сітуацыі ў тым, што Ігара Комліка «трасуць» ужо другі раз за квартал. Ён — бацька фігуранта «справы патрыётаў» Андрэя Комлік-Ямаціна, і да яго ўжо прыходзілі па справе сына.
Цалкам зразумела, чаму ўлады зацікавіліся незалежнымі прафсаюзамі. Менавіта яны найбольш актывізаваліся падчас вясновых «антыдармаедскіх пратэстаў». Прафсаюзныя дзеячы і юрысты актыўна аказвалі прававую, інфармацыйную і іншую падтрымку ў абскарджванні як самога падатку, так і прадстаўлялі ў судах фігурантаў акцый пратэсту.
У выніку пра незалежныя прафсаюзы, якія былі «ў ценю» ці не дзясяцігоддзе, загаварылі. І тое, што пра іх загаварылі, напэўна, нагадала ўладам пачатак 1990-х, калі менавіта працоўныя пратэсты сталі штуршком для скону СССР. Улічваючы, што эканоміка (дый палітыка) у Беларусі з’яўляецца «рэфарматам СССР», гістарычныя паралелі правесці няцяжка.
Пэўныя высновы з акцый пратэсту ўлады ўсё ж зрабілі, і таму пачалі зачыстку пратэстнага поля загадзя. Ужо цяпер адказныя ўрадавыя чыноўнікі кажуць нам: «Усё добра будзе». Прынамсі, пра гэта заявіў міністра эканомікі Уладзімір Зіноўскі ў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлебачанню. Маўляў, будзе добры ўраджай, і не трэба чакаць росту коштаў.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што дапрацаваная версія дэкрэту №3 павінна з’явіцца не пазней за кастрычнік. Гэтая заява відавочна дысануе з заявамі Зіноўскага. Калі ў нас «усё добра будзе», навошта нам гэты дакумент наогул?
Словы беларускага правадыра практычна ніколі не аспрэчваюцца выканаўцамі яго пажаданняў. Ніхто не сказаў Аляксандру Рыгоравічу, што 1 кастрычніка — гэта менавіта той час, калі людзі разбяруцца з паслялетнімі клопатамі і вераснёўскімі зборамі дзяцей у школу, загатуюць на зіму закаткі, збяруць бульбу і зазірнуць у пусты гаманец. Яны ўзгадаюць пра «ўсім па пяцьсот» і зразумела, каго будуць вінаваціць. А тут зноў дэкрэт. Новыя пратэсты — цалкам рэальныя.
Ніхто не здагадаўся нават намякнуць кіраўніку дзяржавы, што менавіта на восень ці не адзіны «палітычны» рухавік антыдармаедскіх пратэстаў — Мікола Статкевіч — анансаваў новыя вулічныя акцыі. Хаця пра гэта Статкевіч казаў неаднаразова і ўголас.
Карацей, для рэанімацыі дэкрэту Лукашэнка абраў не самы зручны час — а сілавікі вымушаныя на гэта рэагаваць. Таму ў «прафсаюзнай справе» ёсць шмат паралеляў не толькі са справай Алеся Бяляцкага, які за аналагічную «нясплату падаткаў» адседзеў амаль тры гады, але і са «справай патрыётаў». Тады Лукашэнка спачатку выказаўся пра «лагеры баевікоў пад Асіповічамі», а потым КДБ, каб апраўдаць яго словы, вымушаны быў гэтыя лагеры і гэтых «баевікоў» тэрмінова адшукаць. Цяпер кіраўнік дзяржавы кажа пра «кастрычніцкі дэкрэт», а сілавікі вымушаныя «працаваць на апярэджанне».
Але такі сілавы сцэнар даволі дорага абыходзіцца краіне. Бо менавіта пасля брутальнага разгону акцыі 25 сакавіка і «справы патрыётаў» інтэрнэт быў завалены заклікамі да Захаду не даваць Беларусі крэдытаў. Канешне, нельга казаць, што гэтыя заклікі (але не варта адмаўляць, што і яны ў пэўнай ступені таксама) паўплывалі на рашэнне МВФ прыпыніць перамовы з Сінявокай наконт крэдытнай праграмы. Канешне, афіцыйна гэта гучыць як «не дамовіліся наконт тарыфаў ЖКГ», але хто ж з гэтых дыпламатычных перамоўшчыкаў праўду скажа?
А праўда такая, што ў сакавіку кіраўнікоў «беларускага напрамку» фонду прымаў сам Аляксандр Лукашэнка, а раней віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі казаў, што па крэдыце засталося прыняць «палітычнае рашэнне». Вось яно — палітычнае рашэнне — і было прынята.
Чым адгукнецца для краіны «прафсаюзная справа»? Хаця б тым, што напачатку лета Беларусь вырашыла актывізаваць перамовы па ўступленні краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. А ў СГА, сярод іншага, уважліва сочаць і за выкананнем правоў прафсаюзаў.
Калі перамовы з СГА праваляцца, як праваліліся перамовы з МВФ, вінаватым, на жаль, апынецца не Камітэт дзяржкантролю, а зноў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. А што яшчэ мы згубім з-за ціску на прафсаюзы — паглядзім пазней.
І самае крыўднае — усё дарма, усё марна. Народны пратэст на тое і народны, што арыштамі лідараў яго не стрымаць. Падаецца, гэты ўрок з вясновых пратэстаў улада таксама павінна была вывучыць. Але пакуль — не дайшло...