Дадзім рыдлёўку ў зубы — і пайшоў працаваць
Людзей трэба прывучыць да працы, нельга ствараць клас беспрацоўных, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня ў Брэсце.
"Калі мы іх не станем далучаць да грамадска карыснай працы, як раней казалі, значыць, мы будзем ствараць гэты клас, і ён будзе павялічвацца. Нам гэтага дапусціць нельга", — падкрэсліў ён.
"Вядома, будзе нейкі малы працэнт людзей, якія ні на што не здольныя. Спецыфічнымі метадамі будзем прымушаць. Але ёсць людзі, якія могуць, але ўхіляюцца. Гэтых людзей трэба ставіць у такія ўмовы, каб яны ўсё-такі ішлі працаваць", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
Паводле яго слоў, пасля выхаду абноўленага дэкрэта № 3 мясцовым органам улады будуць дадзены самыя шырокія паўнамоцтвы. "Мы вычленім людзей па персаналіях: хто можа, але не хоча, хто хоча, але не можа, і тых, якім трэба рыдлёўку ў зубы — і пайшоў працаваць. Няхай на мяне не крыўдзяцца", — папярэдзіў Лукашэнка.
Дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь, інакш ім пагражае штраф або адміністрацыйны арышт. Дэкрэт выклікаў рэзкую незадаволенасць у грамадстве, у лютым—сакавіку гэтага года па краіне прайшла хваля стыхійных вулічных пратэстаў.
Тэрмін выплаты збору "за дармаедства" скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле звестак МПЗ, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў.
У сакавіку Лукашэнка правёў нараду, дзе абмяркоўваўся гэты дэкрэт. Міністэрству па падатках і зборах было дадзена ўказанне пачаць вяртанне сродкаў плацельшчыкам, якія паспелі заплаціць збор. Вяртанне збору пачалося ў ліпені, грошы вяртаюць толькі тым, хто змог працаўладкавацца.
3 жніўня падчас даклада аб дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне Лукашэнка заявіў, што не будзе адмяняць дэкрэт № 3, і даручыў ураду дапрацаваць дакумент да 1 кастрычніка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН