На «чарнобыльскіх» землях будуюць сонечную электрастанцыю за 170 млн долараў
У Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці вядзецца будаўніцтва найбуйнейшай у Беларусі фотаэлектрастанцыі (ФЭС). Інфармацыя пра гэта размешчана на сайце кампаніі «Белзамежбуд», якая выконвае будаўнічыя і мантажныя работы.
Бліжняя Рэчыца — так раней называлася вёска ў Чэрыкаўскім раёне. Зараз вёскі няма, ёсць аднайменнае ўрочышча ў зоне адсялення, якое адбылося пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Але ўжо ў наступным годзе тапографы зноў нанясуць на карты краіны Бліжнюю Рэчыцу. Тут будуецца Чэрыкаўская ФЭС, найбуйнейшая ў Беларусі і СНД, гаворыцца ў паведамленні генпадрадчыка.
Магутнасць сонечнай электрастанцыі складзе больш за 100 МВт. Яна размесціцца на плошчы 220 га.
Працы ў Чэрыкаўскім раёне пачаліся ў канцы кастрычніка, на аб'екце працуюць каля 120 чалавек і каля 30 адзінак будаўнічай тэхнікі. Як паведамілі ва ўпраўленні будаўніцтва энергетычных аб'ектаў ЗАТ «Белзамежбуд», «на канец снежня падрыхтоўчыя і земляныя работы праведзены на 100 га, усталявана канструкцый для больш чым 800 мантажных сістэм пад фотаэлектрычныя модулі».
Праект фінансуецца кампаніяй «Камеліасайд Лімітэд» — даччыным прадпрыемствам брытанскіх Altostarta і United Green Group, якая спецыялізуецца на венчурных інвестыцыях у аднаўляльнай энергетыцы.
Агульная сума інвестыцый складзе больш за 170 млн долараў. Крыніцы фінансавання — уласныя сродкі і крэдытныя рэсурсы міжнародных фінансавых інстытутаў.
Пастаўка абсталявання і інжынірынг ажыццяўляецца кітайскай кампаніяй Power China Guizhou Engineering на ўмовах «пад ключ».
Нямецкая кампанія Ecap выступіць тэхнічным каардынатарам праекта ў Чэрыкаўскім раёне, а таксама зоймецца абслугоўваннем ФЭС пасля завяршэння будаўніцтва. Плануецца, што станцыя будзе ўведзена ў красавіку—маі 2019 года.
Будаўніцтва ФЭС нацэлена на развіццё экалагічна чыстай сонечнай энергетыкі ў Беларусі, дыверсіфікацыю крыніц электраэнергіі, скарачэнне аперацыйных і транспартных выдаткаў у сувязі з забеспячэннем электраэнергіяй бліжэйшых населеных пунктаў. Чакаецца, што праект паспрыяе эканоміі валютных рэсурсаў за кошт некаторага скарачэння імпарту нафты і газу. Аб'ект таксама паслужыць выкарыстанню тэрыторый, якія падвергліся радыяцыйнаму ўздзеянню ў выніку чарнобыльскай катастрофы, гаворыцца ў паведамленні «Белзарубежстроя».
Атрыманая альтэрнатыўная электраэнергія будзе закупляцца дзяржаб'яднаннем «Белэнерга» і пастаўляцца ў энергасістэму Беларусі.
Год таму кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей сустракаўся з дырэктарам ірландскай кампаніі «Пьюа Энэрджы» Торстэнам Меркелем і абмяркоўваў перспектывы развіцця аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі, у прыватнасці будаўніцтва сонечнай электрастанцыі ў Магілёўскай вобласці. Да гэтага ірландскі інвестар рэалізаваў у Беларусі шэраг праектаў у галіне альтэрнатыўнай энергетыкі.
TUT.BY