Вялікабрытанія. Каляды будуць без ялінкі?
Магчыма, у хуткім часе шмат звыклых нам атрыбутаў зімовых святаў знікне.
Справа ў тым, што Каляды, як высвятляецца, уяўляюць вялікую пагрозу прыродзе. Гэты перыяд з’яўляецца часам вялікай спажывецкай актыўнасці. Як вынік, узнікае запыт на пластыкавую тару і ўвогуле прадметы, для вытворчасці якіх патрэбны пластык.
Між тым, пластык зараз прызнаны ледзь не галоўнай крыніцай забруджвання акіяну. Напрыклад, у Вялікабрытаніі 25 працэнтаў прадуктаў, якія ўтрымліваюць пластык, вырабляюцца ў часы калядных канікул. Таму на Захадзе ўжо пачалася барацьба за Каляды без пластыку.
Аднак паўстала пытанне — як быць з ялінкай? Доўгі час людзей агітавалі за тое, каб яны не набывалі жывыя ялінкі, надаючы перавагу штучным. Аднак апошнія вырабляюцца таксама з пластыка. Прычым, навукоўцы кажуць, што адна пластыкавая ялінка наносіць прыродзе страты, якія можна кампенсаваць прыкладна на працягу 20 гадоў.
Калі жывыя і пластыкавыя ялінкі — гэта кепска, то чым упрыгожваць пакой на Каляды? Пакуль што прапануецца не набываць новых штучных ялінак і выкарыстоўваць старыя. Маўляў, пакуль тыя цалкам выйдуць з ужывання, будзе прыдуманы нейкі новы экалагічны варыянт галоўнага каляднага атрыбута.
Паводле брытанскай прэсы