На беларуска-польскай мяжы захрас з бежанцамі камерунец Зомо. Ён праславіўся падчас футбольнага Еўра-2020
Камерунец Зомо, які стаў негалосным сімвалам футбольнага Еўра-2020 у Пецярбургу, затрымаўся пры пераходзе беларуска-польскай мяжы. Як паведаміў «Фантанцы» 15 кастрычніка ягоны знаёмы, Зомо спрабаваў перасячы мяжу разам з уцекачамі, але іх не пусцілі польскія памежнікі, а назад іх не пускаюць ужо беларускія вайскоўцы.
На сувязь Зомо перастаў выходзіць тры тыдні таму, сказаўшы,
што знаходзіцца па справах у Маскве. На днях ён даслаў свайму знаёмаму з
Краснадара фатаграфіі з беларуска-польскай мяжы і апісаў складаную сітуацыю, у
якой апынуўся.
«Я не валодаю ўсёй карцінай таго, што адбылося, але
мяркую, што ён хацеў перасячы беларуска-польскую мяжу з патокам афганскіх і
іранскіх мігрантаў. У Расіі ў сілу розных прычын ён не змог пабудаваць годнае
жыццё і на працягу больш трох гадоў проста выжываў. У Францыі ў яго шмат
сваякоў, плюс яго родная мова —французская. Думаю, ён імкнуўся менавіта туды.
Але, як і некалькі сотняў бежанцаў, быў заблакаваны польскімі мытнікамі з
аднаго боку і беларускімі — з другога. Ні адзін з бакоў не хоча прымаць іх. Да
іх не прапускаюць гуманітарку па гэтай жа прычыне. Людзі пачынаюць паміраць ад
пераахаладжэння і голаду», — напісаў знаёмы Зомо.
Зомо — ураджэнец Камеруна. Некалькі гадоў таму ён перабраўся ў
Краснадар. На час футбольнага Еўра-2020 ён прыехаў у Пецярбург. Зомо
размалёўваў сябе ў колеры сцяга Расіі і спяваў песні каля «Газпрам
Арэны" і на Неўскім праспекце разам з іншымі заўзятарамі. Дзякуючы яркай
знешнасці і гучным паводзінам прыцягнуў увагу гараджан, гасцей горада і СМІ.