Мінюст прызнаў, што з’езд МХД быў
У Мінску 9 красавіка адбылося пасяджэнне Вярхоўнага суда Беларусі па іску аргкамітэту па стварэнні ГА "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" да Мінюста ў сувязі з адмовай у рэгістрацыі.
"Падчас пасяджэння прадстаўнікі Мінюста высунулі новыя абсурдныя прэтэнзіі, якія раней не агучваліся: ні ў адказе з міністэрства, ні на папярэдніх слуханнях", — адзначыла старшыня МХД Марына Хоміч.
Разам з тым, паведаміла яна, у судзе было высветлена, што Мінюст пры праверцы дакументаў карыстаўся дадзенымі, прынамсі, двухгадовай даўніны. Гэтак, Мінюст сцвярджаў пра недакладнасць звестак намесніцы старшыні Вольгі Кавальковай, спасылаючыся на адрас, па якім яна не прапісаная ўжо два гады.
Таксама Мінюст, які раней выказваў меркаванні, што ўстаноўчага з’езду МХД насамрэч не было, адмовіўся глядзець відэа з’езду, заявіўшы, што ніякіх прэтэнзіяў на гэты конт ня мае.
Вырак суду будзе агучаны заўтра, 10 красавіка, а 15-й гадзіне.