Мінархітэктуры: Калі пабачыце суму штрафу, здаваць кватэру не захочаце
Штраф за афіцыйную здачу ільготнай кватэры дасягае 6,5 мільёна рублёў.
Гучныя размовы аб тым, што ў льготнікаў будуць забіраць кватэры, пабудаваныя з дапамогай ільготнага крэдыту, гучалі ў мінулым годзе. Праз іх значна выраслі кошты на рынку здымнага жылля. І
дарэчы, дагэтуль не апусціліся. Тыя, хто здаваў кватэры, пабудаваныя за танныя ільготныя крэдыты, альбо перасталі гэта рабіць, альбо сышлі ў глыбокае падполле. Высветлілася, што афіцыйная здача на
сайце такіх кватэр — кропля ў моры ў параўнанні з тым, колькі такіх кватэр
пабудавана.
— У перыяд з 2006 да 2012 было пабудавана 220 тысяч кватэр, — распавяла журналістам Ірына Архіпава, — першая намесніца міністра архітэктуры і будаўніцтва.
— І колькі здаецца паводле дамоў найму?
— Дзесьці 3,5 тысячы.
Пра тое, што за здачу льготнай кватэры могуць аштрафаваць прыкладна на 340 даляраў, было зразумела яшчэ ў пачатку лета, пасля таго як прэзідэнт падпісаў 246-ы ўказ. У чацвер у парламенце
дэпутаты прагаласавалі за змены адміністрацыйнага кодэкса, у які ўнясуць гэтыя штрафы.
— Ці будуць забіраць льготнае жыллё ў тых, хто яго здае, як пра гэта
гаварылася?
— Ніхто не збіраецца адбіраць льготнае жыллё, — патлумачыла Ірына Архіпава. — Калі чалавек, пабудаваўшы льготнае жыллё, здае гэтую кватэру — гэта няправільна. У законапраекце прадугледжана, што калі ў чалавека змянілася эканамічная сітуацыя, ён
не здолее аддаваць гэты 5-адсоткавы крэдыт, ён можа звярнуцца да мясцовых выканаўчых органаў і сказаць: «Прашу дазволіць на пэўны час укласці дамову найму». Розныя выпадкі бываюць,
жыццё мяняецца. Такое выключэнне ў гэтым законапраекце ёсць: калі гэта разавы выпадак, калі гэта абгрунтавана, то могуць дазволіць і здаць.
Нагадаем, у вярхах прапісалі штрафы для тых, хто, не маючы права, здае льготнае жыллё. У першы раз за здачу льготнай кватэры належыць ад 4 да 30 базавых адзінак, за другі — максімум да 50 базавых (цяпер гэта 6,5 мільёна рублёў).
— Або ўвесь час плаціць штраф?
— Пасля таго як убачыце суму штрафу, напэўна, ні ў каго не будзе намераў здаваць кватэры.
Прынамсі мы папярэдзілі пра гэта загадзя, гэта абмяркоўваецца ўсюды. Я не думаю, што будзе масавае парушэнне гэтага законапраекта. Ён доўга разглядаўся, казалі пра тое, што калі мне належыць льгота,
то я маю права карыстацца ёй так, як я хачу. Калі чалавеку няма дзе жыць, дзяржава дапамагае. І ў гэтым выпадку пра наём памяшкання і здачу ў наём не можа быць і гаворкі.
Змены ў Адміністрацыйным кодэксе запрацуюць праз некалькі месяцаў пасля таго, як дэпутаты прагаласуюць за законапраект другі раз.
kp.by