«Мілкавіта» хоча спагнаць са сваіх супрацоўнікаў 70 тысяч еўра
Кіраўніцтва ААТ «Мілкавіта» падало пазоў у суд з патрабаваннем утрымаць з 205 работнікаў прадпрыемства буйную суму нястачы. Разгляд пазову пачнецца 30 мая
Нястача ўтварылася з лістапада 2016 па люты 2017 года, яе сума — 141 533 рубля (каля 70 тысяч еўра). Адказваць за гэта, з пункту гледжання кіраўніцтва заводу, павінны ўсе работнікі цэха натуральнамалочнай прадукцыі — аж да прыбіральшчыц і грузчыкаў. Калі пазоў задаволяць у поўным абʼёме, то ў сярэднім кожны з 205 супрацоўнікаў «Мілкавіты» мусіць выплаціць прадпрыемству больш за 340 еўра.
«Два месяца назад было аб’яўлена, што ў работніках цэху будуць вылічваць грошы за недастачу. Вінаватыя нібыта ўсе 205 работнікаў цэху. Я не ведаю, адкуль гэтая недастача. Але я лічу, што гэтае абвінавачванне неабгрунтаванае і несправядліва вылічваць з заробкаў людзей гэтыя грошы. Усе чакаюць 13 зарплаты, а тут можа і 12 не атрымаеш», — распавёў «Белсату» адзін з супрацоўнікаў «Мілкавіты» Антон.
Незалежны прафсаюз РЭП ужо аказвае некаторым работнікам першую юрыдычную дапамогу ў гэтай сітуацыі. Прадстаўнікі прафсаюзу будуць патрабаваць прыпыніць разгляд справы, бо лічаць позву кіраўніцтва заводу несправядлівай.
Першае выязное пасяджэнне суда Савецкага раёна пройдзе ў актавай зале «Мілкавіты» 30 мая.