МХД заклікалі моладзь кахаць па-беларуску
Маладыя хрысціянскія дэмакраты раздалі мінчукам паштоўкі на беларускай мове.
Увечары 14 лютага, у Дзень святога Валянціна, Маладыя хрысціянскія дэмакраты павіншавалі моладзь з днём усіх закаханых і заклікалі іх «кахаць па-беларуску».
Амаль 200 паштовак каля гандлёвага цэнтру «Galleria» ў Мінску разышліся за 10 хвілін.
Апроч закліку «Кахай па-беларуску» і выявы закаханых хлопца ды дзяўчыны на фоне абрысу Беларусі, паштоўкі змяшчалі таксама сімволіку МХД і QR-код з кантактамі маладых хадэкаў.
«Зараз як ніколі важна памятаць і любіць родную мову, бо на фоне ўпартай інтэграцыі гэта тое, што можа і павінна прабудзіць нашую ідэнтычнасць. І першым крокам можа стаць адно кароткае, але такое важнае «Кахаю», сказанае на роднай мове. Можна пачаць з аднаго прызнання, нават яно можа змяніць светапогляд. Лічу, што падобныя падзеі маюць вельмі важную мэту — дастукацца да сэрцаў кожнага», — адзначыла старшыня МХД Надзея Гацак.
Паводле прэс-рэліза