Магілёўцы просяць дапамогі ў штата Тэхас
Больш за 50 магіляўчан падпісаліся пад зваротам да губернатара Тэхаса Грэга Эбата і сакратара гэтага амерыканскага штата Карласа Каскоса з просьбай дапамагчы дабудаваць корпус Беларуска-расійскага ўніверсітэта (БРУ) у Магілёве.
Як паведаміў ініцыятар звароту, мясцовы актывіст Аляксей Паўлоўскі, падставай паслужыла паведамленне прэс-службы МЗС Беларусі аб афіцыйным візіце ў Тэхас дэлегацыі на чале са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага 16-19 сакавіка. Паведамлялася, што падчас візіту бакі пацвердзілі гатоўнасць развіваць партнёрства ў сферах гандлю, адукацыі, тэхналогій і культуры.
У звароце адзначаецца, што больш за 20 гадоў таму органы Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі прынялі рашэнне аб будаўніцтве ў Магілёве вучэбна-лабараторнага корпуса са спарткомплексам Беларуска-расійскага ўніверсітэта. Але на пачатку сакавіка Міністэрства адукацыі Беларусі прыняло рашэнне закансерваваць будаўніцтва аб`екта ў сувязі з абмежаванымі магчымасцямі бюджэту.
Аўтары ліста паведамляюць, што ўжо звярталіся з нагоды недабудаванага корпуса да прэзідэнта Беларусі і Расіі, але безвынікова.
"Просім вас растлумачыць вашым наваяўленым беларускім партнёрам аб непажаданасці сабатажу ўводу корпуса БРУ, і просім тэхаскіх партнёраў дапамагчы завяршыць гэты даўгабуд ў сферы адукацыі. Рашэнне дадзенай задачы пакажа, ці мае сэнс развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дзвюх краін у сферах гандлю, адукацыі, навукі і культуры пасля", — адзначаецца ў звароце.
Недабудаваны корпус БРУ размешчаны ў самым цэнтры Магілёва, за некалькі сотняў метраў ад будынка аблвыканкама па вуліцы Ленінскай. Дата ўводу аб`екта неаднаразова змянялася. У якасці апошняй значыўся 2015 год.
Згодна інфармацыі рэктара універсітэта Ігара Сазонава, летась фінансаванне будаўніцтва аб'екта не адбывалася.
"Заказчык і генпадрадчык, зацікаўленыя ў заканчэнні будаўніцтва, аказаліся закладнікамі адзінай сітуацыі — адсутнасці фінансавання. Пры выдаткоўванні грашовых сродкаў, будаўніцтва аб'екта будзе працягнута", — адзначаецца ў лісце рэктара ад 14 сакавіка Аляксею Паўлоўскаму.
Паводле gazetanm.eu