Краіна чыноўнікаў і зэкаў
Па інтэрнэце ходзіць шмат прапановаў, як не стаць дармаедам. Прапануюць зрабіцца інвалідам, нараджаць дзяцей, сысці ў войска... Але самы просты рэцэпт пазбавіцца «падатку на дармаедства», — гэта быць пакараным за дармаедства.
Не сакрэт, што славуты «дэкрэт пра дармаедства» яшчэ да яго прыняцця нарабіў шоргату ў асяродках збольшага законапаслухмяных беларусаў. Усе чакалі ад яго нейкіх жудасных захадаў. А на справе ён аказаўся даволі бяззубым. Не хапіла ва ўлады крэатыўнага мыслення, і ў выніку незразумела, як ён будзе працаваць.
Ад пачатку разбярэмся, што такое гэты дэкрэт з эканамічнага пункту погляду. Зараз кожны «лайдак» павінен на працягу года заплаціць у бюджэт 20 базавых велічыняў «на пакрыццё сацыяльных выдаткаў». На сёння гэта 3 мільёны 600 тысячаў рублёў, альбо прыкладна $250. Будзем лічыць у доларах, бо так атрымліваецца менш нулёў.
Паводле словаў нашага кіраўніцтва, дай Бог яму здароўя, у краіне каля 400 тысячаў дармаедаў.
400 000 х 250 = $100 мільёнаў. Менавіта на гэтую суму максімальна можа разлічваць дзяржава з «дармаедскага падатку». Сума, з аднаго боку, немалая. Але ў маштабах краіны — пшык.
Да прыкладу, за валютнакрызісны снежань 2014 года, згодна з дадзенымі Нацыянальнага банка, беларусы набылі $902 мільёна. У цэлым за 2014 год насельніцтва купіла валюты на агульную суму $10,96 мільярда, прадало — на $9,58 мільярда. Чыстая купля валюты за мінулы год склала 1,38 мільярда долараў. Карацей, «бедныя беларусы», калі паднапружацца, за адзін месяц могуць дзесяць разоў пакрыць гадавую выручку «лайдацкага падатку».
Але наўрад ці яны будуць напружвацца. Справа ў тым, што вылічыць лайдакоў практычна немагчыма. Канешне, на ўліку ў міліцыі ёсць пэўная колькасць асацыяльных элементаў, але з іх і так узяць няма чаго. Што ж да астатніх, то начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька распісаўся ва ўласным бяссіллі, паведаміўшы, што падатковая разлічвае выключна на сумленнасць грамадзянаў. Па ягоных словах, чалавек, які апавесціць падатковую, што ён дармаед, атрымае зніжку ў выплаце збору ў 10%. «Лічым, што такую магчымасць грамадзяне скарыстаюць», — сказаў Расолька.
Цікава, хто прызнаецца ў дармаедстве? Нават апошні бомж, які збірае паперу ды бутэлькі па сметніцах, лічыць сябе не дармаедам, а эколагам, барацьбітом за другасную перапрацоўку сыравіны.
Канешне, падатковая будзе спрабаваць «шчаміць» дармаедаў праз зарэгістраваныя буйныя здзелкі. «У першую чаргу будуць правераны грамадзяне, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, але пры гэтым здзяйснялі дарагія пакупкі», — сказаў Расолька. Але ж пры гэтым здзелка павінна быць зусім буйной — нерухомасць альбо машына. Пры набыцці лядоўні альбо тэлевізара ні ў каго пашпарту і не запытаюцца. І я больш чым упэўнены, што кватэры не набываюць дармаеды.
Калі ўсур’ёз пачаць вылічваць «дармаедаў», то трэба наладзіць татальны кантроль над выдаткамі грамадзянаў. А гэта значыць, штат падатковай інспекцыі трэба павялічыць разоў у пяць. Збольшага, тады ўсе дармаеды стануць чыноўнікамі-падаткавікамі.
Адной з мераў, закліканых стымуляваць дармаедаў да яўкі ў падатковую, называецца тое, што ім будзе забаронены выезд за мяжу. Спадарства, гэта смешна! 70% беларусаў за мяжу не выязджалі ніколі! Гэта па-першае. Па-другое, як гэта ажыццявіць, калі ў нас адкрытая мяжа з Расіяй? Нават калі рускія з беларусамі дамовяцца пра ўзаемны абмен спісамі невыязных, то можна выехаць у Расію, а адтуль — ва Украіну і… Як там у Елкі пяецца? «Заўтра ў Барыспалі я буду сядзець у самалёце і думаць пра пілота…» Барыспаль — гэта аэрапорт пад Кіевам, хто не ведае.
Па інтэрнэце зараз ходзіць шмат экзатычных прапановаў, як не стаць дармаедам. Прапануюць зрабіцца інвалідам, нараджаць дзяцей, сысці ў войска і нават стаць сябрам Саюза пісьменнікаў. Але самы просты рэцэпт пазбавіцца «падатку на дармаедства», насамрэч — гэта быць пакараным за дармаедства адміністрацыйным арыштам. Адбыццё арышту прыраўноўваецца да выплаты збору.
Адседзець 15 сутак у нашых умовах, калі «па палітыцы» праз гэта прайшлі дзясяткі, калі не сотні тысяч чалавек, гэта нават не ганьба. У пэўных палітычных колах нават лічыцца, што калі ты «на сутках» не быў, значыць, з табой нешта не так: альбо ты КДБшны агент, альбо «ты яшчэ зялёны».
Праўда, за ўтрыманне «на сутках» таксама бяруць аплату. Як кажа лідар грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алег Корбан, апошнім разам яго «заехалі» ў ізалятар на сем дзён у снежні 2014-га года. За гэты тыдзень яму трэба было заплаціць 350 тысяч рублёў. Праўда, яму не налічылі грошы за два выходныя, дадаў Корбан.
Атрымліваецца, суткі ў ізалятары каштуюць недзе 70 тысячаў. Нават калі сто тысячаў пасля дэвальвацыі, нават калі максімальны тэрмін 15 сутак, то за гэта дармаед заплаціць паўтара мільёны рублёў, што на 2 мільёна 100 тысяч танней, чым падатак. Ну і, канешне, улічвайце два тыдні адпачынку па паважнай прычыне.
Карацей, дармаедам зараз два шляхі. Альбо ісці працаваць у падатковую, што аўтаматычна робіць іх чыноўнікамі, а не дармаедамі. Альбо ў кароткатэрміновыя «зэкі». Але, відавочна, што з «дармаедскага падатку» бюджэт сінявокай не надта выйграе, а можа, нават, і згубіць. І таму гэты дэкрэт — проста адпіска на патрабаванне Аляксандра Рыгоравіча «навесці парадак» у гэтай сферы.