Юрыст: “Пагражаюць арыштам, а кажуць, што працаваць не прымушаюць!”
Ці супярэчыць дэкрэт “аб дармаедах” Канстытуцыі, высвятляе "Еўрарадыё".
Галоўны закон краіны — Канстытуцыя. Адпаведна, усе іншыя законы, пастановы і дэкрэты павінныя гэтаму галоўнаму закону адпавядаць. Возьмем апошні з нашумелых законаў, ухваленых днямі народнымі абраннікамі, так званы дэкрэт “аб дармаедах” — ён адпавядае Канстытуцыі?
Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна ўпэўнівае: дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" адпавядае галоўнаму закону Беларусі цалкам.
Марыяна Шчоткіна: “У артыкуле 56 Канстытуцыі напісана, што кожны грамадзян абавязаны браць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў. І Дэкрэт проста вызначае перыяды, якія залічваюцца як выплата гэтых фінансавых расходаў”…
“Але ж трэба гэтую норму Канстытуцыі суадносіць з іншай, — пярэчыць міністру былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валерый Фадзееў, — у нас ёсць права на працу, а не абавязак працаваць. Таму калі мы спасылаемся на Канстытуцыю, то трэба разглядаць усё ў комплексе. І тут сур’ёзныя пытанні да Дэкрэта: як суадносіцца адна норма з другой?”
А калі крыху інакш паглядзець на “фінансаванне дзяржаўных расходаў” чалавекам: у цану кожнага беларускага тавару на паліцах крамы закладзены падатак на дадатковую вартасць, а замежнага — мытная пошліна. Аўтамабільнае паліва, алкаголь і тытунь — увогуле падакцызны тавар, і акцызы гэтыя ідуць у бюджэт. Паводле падлікаў экспертаў, у цане тавараў да 40% падаткаў, якія ідуць у бюджэт.
Міністр працы Марыяна Шчоткіна не пагаджаецца ні з Фадзеевым, ні з нашымі поглядамі на выплату падаткаў праз набыццё тавараў: “Ніхто нікога не прымушае працаваць, прымусовай працы ў краіне няма”. Але прадукты ж набываюць і камуналку плацяць усе — аднекуль жа грошы людзі на гэта бяруць, прыбытак маюць”. Маўляў, яго проста зараз неабходна будзе легалізаваць і плаціць з яго падаткі. Карацей, усё “канстытуцыйна” з гэтым “дармаедскім” законам!
Сапраўды, пагаджаецца Фадзееў, у Канстытуцыі гаворыцца пра “прамое фінансаванне — выплату падаткаў з заробку, а не ўскоснае — праз падатак на дадатковую вартасць і акцызы”. Але юрыст незалежных прафсаюзаўАлена Яськова знаходзіць іншую супярэчнасць і ў словах Марыяны Шчоткінай, і ў самім дэкрэце.
Алена Яськова: “У нас няма прымусовай працы”, кажа Шчоткіна, але мы бачым пакаранне для тых, хто не будзе выплачваць гэты, як яны называюць, “збор”. Адразу папярэджваюць, што будуць у неплацельшчыкаў праблемы з выездам за мяжу. Другое: адміністрацыйны арышт з прыцягненнем да грамадскіх прац! Так і напісана. А гэта ж самая сапраўдная прымусовая праца! Гэта не адпавядае ні Канстытуцыі, ні міжнародным нормам, ратыфікаваным Беларуссю, ні Дэкларацыі правоў чалавека”.
Права на працу, прапісанае ў Канстытуцыі, дае нам права выбару: весці хатнюю гаспадарку ці ісці працаваць. Гэты дэкрэт, упэўненая юрыст, пазбаўляе нас такога права.
Адказваючы на пытанне Еўрарадыё пра адпаведнасць закона “Аб дармаедах” Канстытуцыі, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч таксама звяртае ўвагу на тое, што ў кожнага грамадзяніна краіны ёсць канстытуцыйны абавязак плаціць падаткі. Якія “ідуць на агульны дабрабыт”. Адпаведна, новы закон “базуецца на канстытуцыйных палажэннях”.
Міклашэвіч: “Мы будуем, з аднаго боку, сацыяльную дзяржаву, аказваем дапамогу людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, у сферы медыцыны, у сферы адукацыі. Ну і, адпаведна, узнікла праблема, што асобныя грамадзяне не выплачваюць пэўныя падаткі, а карыстаюцца паслугамі, сфармаванымі на сродкі ўсіх падаткаплацельшчыкаў”.
Фадзееў пярэчыць і старшыні КС: трэба ж, прымаючы законы, улічваць і, да прыкладу, эканамічную сітуацыю ў краіне.
“Павінныя плаціць, але калі ім ёсць з чаго тыя падаткі плаціць — калі яны працуюць. А калі людзі ходзяць на 3-4-дзёнку на завод, калі не хапае працоўных месцаў… А мы ўводзім гэтую адказнасць. З чаго ён будзе плаціць гэты збор, а калі не будзе плаціць, то штраф?”
Фадзееў звяртае ўвагу на іншую цікавую акалічнасць: дэкрэт “Аб дармаедах” старшынёй Канстытуцыйнага суда Міклашэвічам быў прызнаны адпаведным Канстытуцыі на прэс-канферэнцыі 22 студзеня — за два месяцы да таго, як закон быў ухвалены парламентарыямі і набыў моц. “Гэта, скажам мякка, няправільна”, — кажа былы суддзя КС.
Юрыст Алена Яськова ўпэўненая: галоўная мэта новага дэкрэта — не сацыяльная справядлівасць, а спроба атрымаць дадатковыя грошы ў бюджэт. А гэта, дарэчы, каля 100 мільёнаў долараў! Толькі, кажа, наўрад ці планы ўраду спраўдзяцца: на складанне спісаў, пошук “неплацельшчыкаў”, “выбіванне”…
Што ў выніку маем? Калі чыноўнікі ў адзін голас сцвярджаюць, што ніякіх супярэчнасцяў паміж новым дэкрэтам і Канстытуцыяй няма, то незалежныя эксперты схіляюцца да іншага: “гэты Дэкрэт не адпавядае Канстытуцыі”.
Фота: www.kchetverg.ru