Міністр транспарту грамадскім транспартам не карыстаецца.

Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца і ў міністраў, ці карыстаюцца яны міністэрскім вопытам у жыцці.



torby_chinavenstva.jpg

Міністр транспарту Анатоль Сівак прызнае, што не мае праязнога білета і не карыстаўся валідатарам. На грамадскім транспарце Анатоль Сівак ездзіў… паўгады таму, і тое па службовых справах.

«Гэта было 7 лістапада, я ехаў з Ратамкі ў цэнтр, здаецца, на гарадской электрычцы і разам з кантралёрамі глядзеў, як людзі аплачваюць праезд, як абражаюць кантралёраў, паводзяць сябе не заўсёды карэктна». Міністр абяцае Еўрарадыё звярнуць увагу на тое, што квіткі на прыпынках у Мінску цяжка набыць, а карыстацца штораз праязным не вельмі зручна.

Міністр фінансаў Уладзімір Амарын захоўвае грошы ў… беларускіх рублях.

«Грошы яму прыходзяць на заробкавую картку «Беларусбанка», — кажа Еўрарадыё прэс-сакратар ведамства Ірына Комар. — Але гэтая картка адначасова зъяўляецца назапашвальнай. Стаўку па працэнтах не ведаю».

У «Беларусбанку» даведваемся, што стаўка па такой зберагальнай карце складае ў залежнасці ад сумы на картцы ад 20 да 29%.

Краіна збірае беларуска-кітайскае аўто «Джылі». А вось ці ездзіць на зорцы айчыннага аўтапрама міністр прамысловасці Уладзімір Воўк?

«На Аўдзі А8, — удакладняе сакратарка міністра і нават звяраецца з нейкімі дакументамі на камп’ютары. — Даўно ўжо машына, мо гадоў пяць, нам яна яшчэ ад мінулага міністра засталася».

Чаму міністр не ездзіць на аўтамабілі, якое збіраюць у Беларусі?

«І сапраўды, цікавае пытанне! — па інтанацыі незразумела, ці іранізуе сакратар. — Але хто нам яе дасць? Ну і што, што гэта нашае прадпрыемства? Нас жа абслугоўвае гараж прэзідэнта».

Ад прэс-сакратара Мінгандлю даведваемся, што ў міністра Валянціна Чаканава ёсць беларускія рэчы. Гэтае ведамства ў снежні закрывала крамы, бо не было беларускіх тэлевізараў, айчыннай пліткі ці прасаў.

«Але дакладныя маркі я не скажу», — губляецца Алена Маліноўская, прэс-сакратар міністэрства.

А вось ці ёсць у міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца дача, даведацца Еўрарадыё не ўдалося. Сакратар у прыёмным пакоі асабістыя сакрэты міністра сельскай гаспадаркі не выдае: «У нас пасяўная! Трактары няма чым запраўляць, а вы пра дачы!».

Тамара Савіч, Еўрарадыё