Колькі беларусаў атрымалі біяметрычныя пашпарты?
У Беларусі ўжо трэці год выдаюць біяметрычныя дакументы. Колькі чалавек іх атрымала? І зноў паўстае славутая лічба ў 3 працэнты!
Статыстыкай аб колькасці выдадзеных біяметрычных дакументаў падзяліўся намеснік начальніка Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Павел Хрышчановіч, піша myfin.by.
Ужо трэці год у Беларусі выдаюць біяметрычныя дакументы. У іх ліку ідэнтыфікацыйная карта грамадзяніна (ID-карта) і біяметрычны пашпарт.
ID-карты прызначаныя для пасведчання асобы ўладальніка толькі на тэрыторыі Беларусі, а біяметрычныя пашпарты неабходныя для выезду за мяжу.
Павел Хрышчановіч адзначыў, што лінейка біяметрычных дакументаў не змянілася. Гэта тры ID-карты:
- грамадзяніна Беларусі,
- замежнага грамадзяніна, які пастаянна пражывае ў рэспубліцы,
- асобы без грамадзянства, якая пастаянна пражывае ў Беларусі.
«Выдаюцца таксама пяць папяровых дакументаў з чыпам. Гэта біяметрычны пашпарт грамадзяніна Беларусі, два праязныя дакументы для бежанцаў і замежных грамадзян, яшчэ два дакументы выдае Міністэрства замежных спраў, гаворка ідзе аб службовым і дыпламатычным пашпартах», – распавёў прадстаўнік МУС.
На сённяшні дзень больш за 3% насельніцтва краіны атрымалі біяметрычныя дакументы.
У лічбах гэта выглядае так:
- выдадзена каля 270 тысяч ідэнтыфікацыйных карт
- каля 95 тысяч відаў на жыхарства і
- больш за 220 тысяч біяметрычных пашпартоў.
Пры гэтым 20 тысяч грамадзян выбралі атрыманне адным чалавекам адразу двух біяметрычных дакументаў.
«Беларусь у гэтым не новая, многія краіны свету выкарыстоўваюць такі варыянт. У першую чаргу ён прадугледжаны для таго, каб па адным пашпарце грамадзянін мог выехаць за межы Беларусі, а другі здаць у амбасаду для прастаўлення візы, напрыклад, паколькі часцяком пашпарт могуць забіраць на досыць працяглы тэрмін», – растлумачыў Павел Хрышчановіч.
У ліку лідараў па выдачы біяметрычных дакументаў — Гомельская вобласць і Мінск.
Нагадаем, біяметрычныя пашпарты ў Беларусі пачалі выдаваць з 1 верасня 2021 года. Менавіта тады ўступіў у сілу Указ беларускага кіраўніка ад 16 сакавіка 2021 года № 107 “Аб біяметрычных дакументах”. У адпаведнасці з ім Рэспубліка Беларусь распачала ажыццяўляць выдачу біяметрычных дакументаў для выезду з краіны і (або) ўезду ў яе.