Колькасць беларускіх спартсменаў, якіх злавілі на допінгу, павялічылася ўдвая

З пачатку гэтага года ва ўжыванні допінгу абвінавачана восем беларускіх спартсменаў — у два разы больш у параўнанні з мінулым годам, паведаміў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко на прэс-канферэнцыі 6 сакавіка.



20110318123125.jpg

Паводле яго слоў, гэта звязана з павелічэннем ліку проб, якія бярэ айчынная антыдопінгавая лабараторыя. У 2012 годзе было ўзята 1,5 тыс. проб, у 2013-м плануецца прааналізаваць 2,3 тыс., у 2014-м — 3 тыс. Апрача ўзмацнення жорсткасці кантролю спартсменаў гэта стане важным крокам на шляху акрэдытацыі лабараторыі Сусветным антыдопінгавым агенцтвам, заявіў Шамко. Ён лічыць, што найбліжэйшым часам лік станоўчых допінг-спроб будзе расці, а затым пачне памяншацца.
 

Міністр адзначыў, што пытанні барацьбы з допінгам знойдуць сваё адлюстраванне ў новай рэдакцыі закона аб фізічнай культуры і спорце, працоўным і крымінальным заканадаўстве.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН