Кампанія «Кентаўр», у якой прайшлі ператрусы, падала скаргу ў КДК і Генпракуратуру

Страхавая кампанія «Кентаўр», рахункі якой заблакавалі пасля ператрусаў, што прайшлі на мінулым тыдні, усё яшчэ не можа разлічвацца з кліентамі. Праз гэта некаторыя аўтадылеры і медычныя цэнтры адмаўляюцца прымаць яе кліентаў, нягледзячы на гарантыйныя лісты, паведамляе «Свабода».

dc2df8bb_1175_4815_ba38_02a6d33f37b8_w1023_r1_s.jpg

«Кентаўр» разам з адвакатам падаў скаргі на дзеянні Дэпартаменту фінансавых расследаванняў у Камітэт дзяржкантролю і Генеральную пракуратуру, расказаў tut.by дырэктар кампаніі Сяргей Прохарчык.

Рахункі кліентаў «Кентаўра» былі заблякавалі 12 чэрвеня.

Ператрусы прайшлі ў двух офісах кампаніі ў чацвер, 11 чэрвеня. Пасля іх дырэктар распавядаў, што ў іх канфіскавалі дакументы па фарміраванні статутнага фонду, пратакол сходу акцыянераў, базу па бухгалтарскім уліку, два працоўныя ноўтбукі, два тэлефоны. Нікога нікуды не выклікалі і не дапытвалі, абвінавачванняў не прад’яўлялі.

«З “Белгазпрамбанкам” у нас добрыя працоўныя адносіны, аснову якіх складае дамова на разлікова-касавае абслугоўванне. Мы супрацоўнічаем з імі шмат гадоў, але, акрамя гэтага, супрацоўнічаем яшчэ з 13 банкамі», — казаў Сяргей Прохарчык.


Ператрусы ў «Белгазпрамбанку» і іншых кампаніях

11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, звязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».

У якасці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сістэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» і патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу не мае.

Аднак пазней старшыня Дзяржкантролю Іван Тэртэль заявіў: «Не магу сабе ўявіць, што тое, што чынілася ў банку намеснікамі, магло быць невядомым кіраўніку. Магу пацвердзіць, што цяпер у нас ёсць пераканаўчыя доказы ягонай датычнасці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці».