«Камбікорм для свіней вазілі па вуліцах, мы і куплялі»

Журналісты даведаліся, чые кабаны першымі ў Беларусі падохлі ад афрыканскай чумы.



631_27.jpg

«А божухна, ніхто ж не ведае, адкуль гэта ўзялося... У адной жанчыны ў свіней з’явілася гэта. Мы адразу думалі, што глісты. Ведаеце, як гэта ў вясковых свіней бывае. А потым адзін кабан здох, а назаўтра — другі здох. Усяго два толькі кабаны і здохлі ў нас у весцы», — расказвае мне жыхарка Чапуля Ядвіга.

У яе на падворку свінні не падохлі — іх забралі ветэрынары калі ў жывел ужо была крытычна высокая тэмпература. Ядвіга расказвае, што ўсе пачалося з падворка Марыі Мезян. Адкуль пайшла зараза — вяскоўцы нават не здагадваюцца. Свіней у Чапулі гадуюць спрадвеку. Кормяць — як і ўсюды.

«Свіней у нас кармілі бульбай, вотруб’ем і камбікормам. Вазілі яго тут па вуліцы. І мы куплялі. А хто возіць... Тут не адна машына вазіла, невядома, хто».

Пра камбікорм распытваю не проста так. На днях міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц паведаміў краіне, што прычынай успышкі афрыканскай чумы стаў расійскі камбікорм. Маўляў, зараза прыйшла з усходу, дзе страты ад гэтай хваробы за апошнія пяць гадоў ацанілі ўжо ў мільярд долараў.

Аднак мясцовыя фермеры версію з камбікармамі не пацвярджаюць. Гавораць, што ў Іўеўскім раене калі і кормяць свіней камбікормам, то мясцовым — набываюць у райцэнтры. А часцей — зернем і бульбай.

Не чулі пра расійскі камбікорм і на свінакомплексах. На адным з іх, размешчаным у весцы Брусы Мядзельскага раена, Еўрарадые гавораць, што заўседы набывалі свой — беларускі з Вілейкі. Цяпер на прадпрыемстве “ваеннае становішча”.

«Мы тут распрацавалі шэраг мерапрыемстваў. Пастаянна іх удасканальваем, каб не дапусціць чумы. Дэзінфекцыйныя падушкі, машыны апрацоўваем. Строгі прапускны рэжым — нікога не пускаем».

Разам з тым, цалкам выключыць пранікненне расійскага камбікорму ў Беларусь немагчыма. З усходняй суседкай нашу краіну звязвае больш як паўтары сотні аўтамабільных дарог на якіх няма ніводнага мытніка і памежніка. Правезці можна што заўгодна.

Тым часам, толькі паводле афіцыйнай інфармацыі ў барацьбе з небяспечным вірусам знішчылі 1646 свіней. Людзям выплачваюць за іх кампенсацыю. Агулам, паводле грубых падлікаў, на сення толькі за забітых жывел дзяржава павінна выплаціць каля 300 тысяч долараў. А яшчэ выдаткі на дэзінфекцыю, працу спецыялістаў, страты ад забароны займацца свінагадоўляй... У якую суму ў выніку абыдзецца Беларусі гэтая свінская хвароба — можна толькі здагадвацца.

Алесь Пілецкі, Еўрарадые