«Калі сілавікі пабеглі ў бок гіпермаркета, людзі сталі забягаць у краму. І я таксама зайшоў»
Хлопец, які трапіў на відэа, дзе сілавікі
жорстка затрымліваюць людзей у краме на Чарвякова, апавёў Радыё Свабода, што адбылося
«Мы былі на Плошчы перамен, а пасля вырашылі пайсці ў „Гіпа“ ў прыбіральню і пагрэцца. Там хвілін 15 ужо стаялі ў чарзе, калі пачулі гукі святлашумавых гранат на вуліцы, — распавядае ён. — Я выйшаў, і там ужо было мора сілавікоў у чорным. Людзі стаялі ля крамы і грукалі па металічнай паверхні. Калі сілавікі пабеглі ў бок гіпермаркета, людзі запанікавалі, сталі забягаць у краму. І я таксама зайшоў».
«Заляцеў спачатку адзін у чорным, як ашалелы, пачаў збіваць і круціць хлопца. А пасля забеглі яшчэ чалавек шэсць, наляцелі на мяне, на мужчыну побач, — згадвае хлапец. — Пачалася нейкая сеча ў якой не разумеў нічога, я хапаў мужчыну за руку каб быць разам, чапляўся за мэталічную агароджу, а яны працягвалі дубінамі збіваць мяне і людзей побач. Мяне схапілі за каўнер і я ўжо недзе ўнутры адчуваў быццам хана будзе, быццам мяне ўжо амаль нясуць у пекла.
Але я трымаўся да апошняга, людзі дапамагалі, жанчыны здаецца крычалі „ня біце, спыніцеся“. Пасля памятаю што я на падлозе, мяне адзін з нападнікаў цягне за нагу, я чапляюся за ногі людзей, за што трапляецца».
Хлапцу пашанцавала — сілавікі сышлі з крамы, не затрымаўшы яго. Але на галаве засталіся раны. Яму на дапамогу прыйшлі медыкі, якія апынуліся побач, — прынеслі бінты, прамылі параненую галаву.
Хлапец звярнуўся ў шпіталь. Кажа, што давялося доўга сядзець у чарзе. Яму наклалі 3 швы і паставілі дыягназ ЧМТ. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся. Яшчэ кажа, што ў яго моцна баліць нага — «уся сіняя, і хадзіць цяжка».
«Пакуль я сядзеў 3 гадзіны ў шпіталі, прывозілі іншых людзей у дрэнным стане, зламанымі і збітымі, — кажа хлапец. — А вахцёрка, жанчына сталага ўзросту, увесь час чаплялася да людзей і лаялася, казала што на месцы прэзідэнта страляла бы іх на месцы ўсіх».