«Амапавец адмовіўся ад паказанняў»
76-гадовы выдавец Барыс Пастарнак распавёў "Нашай Ніве" пра затрыманне.
Учора сярод соцень затрыманых быў і 76-гадовы Барыс Пастарнак, вядомы выдавец. Яго выдавецтва «Время» публікуе кнігі Святланы Алексіевіч, Віктара Марціновіча і іншых вядомых пісьменнікаў.
«Усё адбылося каля 14-й гадзіны, калі пачаўся хапун ля метро «Пушкінская».
Я выйшаў з падземнага перахода і падышоў да мемарыяла Тарайкоўскага. І тут з боку кінатэатра «Аўрора» спусціліся чорна-зялёныя чалавечкі і пачалі хапаць проста выпадковых людзей, тых, хто стаяў ля мемарыяла. Гэтых затрыманых спрабавалі адбіваць астатнія, у асноўным, пажылыя жанчыны.
А ля дарогі стаялі два мікрааўтобусы сілавікоў.
Гэтыя мікрааўтобусы, напэўна, вельмі крохкія, бо хтосьці пнуў той мікрааўтобус і з яго адразу ж высыпаліся сілавікі ў чорным і пачалі таксама затрымліваць усіх, хто трапіць пад руку.
На мяне, напэўна, звярнулі ўвагу, бо я стаяў са смартфонам — у выніку, адзін сілавік штурхнуў мяне ў спіну. Я ледзь не ўпаў, мяне падхапілі «чорныя» і закінулі ў мікрааўтобус. Пасля на мяне кінулі яшчэ траіх чалавек. Мне пашанцавала, што я аказаўся ўнізе, бо тых, хто ляжаў зверху, білі дубінкамі.
Пасля пэўны час мы недзе ездзілі, і ў выніку нас даставілі ў Фрунзенскае РУУС. Мне адразу там сказалі: «На вас крымінальны артыкул за пашкоджанне міліцэйскай маёмасці! Вас затрымаюць на трое сутак!» Следчы, ці хто там, пачаў складаць пратакол, я напісаў, што з пратаколам не згодзен. Кажу: у вас жа там здымаў нейкі чалавек усё на камеру, дык вазьміце праглядзіце запіс, і ўсё стане бачна. Бо я ж не ў тым узросце і тэмпераменце, кажу, каб біць міліцэйскія аўтобусы.
Тут зайшоў дзяжурны адвакат і паведаміў, што адзін з амапаўцаў штосьці там засумняваўся і адмовіўся ад паказанняў. Следчы выйшаў, пасля вярнуўся, сказаў мне: «Вы свабодны!» І парваў пратакол.
Пашанцавала».